Анархіст Мікалай Дзядок асуджаны на пяць гадоў калоніі
Прызнаны палітвязнем актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок атрымаў пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: арт. 342 (Арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі), арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў адносінах да гаручых рэчываў). Мікалай не прызнаў віну і распавёў на судзе пра здзекі і катаванні пры затрыманні.
Мікалая затрымалі год таму, 11 лістапада 2020 года. Пры затрыманні ён быў моцна збіты, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам яго здымалі на камеру для відэароліка МУС. Пасля затрымання яго адвезлі ў Мінск у ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу. Яго катавалі: збівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваннем. Ад Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў. Збіццё было пацверджана экспертызай.
У сваім апошнім слове Мікалай Дзядок сказаў: «..усім, хто датычны да арганізацыі гэтага судовага працэсу, а таксама і іншых палітычных рэпрэсій у маёй краіне, я хачу сказаць: не майце ілюзій! Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не здольны спыніць вызваленне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!»