Амерыканскі вайсковы аналітык: удзел Беларусі ў вайне супраць Украіны малаверагодны
Даследчык амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW) Джордж Варас раней агучваў меркаванне, што Пуцін цісне на Лукашэнку, каб апошні далучыўся да агрэсіі супраць Украіны. Але сёння такая верагоднасць змяншаецца. Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв’ю ўкраінскаму выданню “Суспільне”. Інстытут аналізуе сітуацыю з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.
«На нашу думку, вельмі малаверагодна, што Беларусь уступіць у вайну. Прычына ў тым, што ў Беларусі, праўду кажучы, бракуе сіл, каб аказаць вырашальны ўплыў на вайну. У тэорыі Беларусь можа сфарміраваць усяго 12 батальённых тактычных груп. Гэта вельмі малая колькасць, і яна не была б вырашальнай для атакі, якая б рэальна пагражала Украіне. Гэтыя падраздзяленні былі б лёгкай закускай для ўкраінскіх сіл, якія абараняюць Кіеў, Валынь і іншыя раёны», – лічыць Джордж Варас.
Акрамя таго, кажа эксперт, гэтыя сілы “патрэбныя Лукашэнку дома, каб утрымліваць свой рэжым”. Ён дадае: “Беларускі народ з часу пратэстаў 2020 года, зразумела, ім незадаволены. І беларускае войска было вельмі важным для падтрымання яго рэжыму. Калі гэтыя падраздзяленні будуць знішчаныя ва Украіне, то, думаю, Лукашэнка будзе мець праблемы з бяспекай”. Пры гэтым аналітык дапусціў верагоднасць таго, што расіяне маглі б паспрабаваць выкарыстаць пэўную камбінацыю беларускіх і расійскіх сіл для правядзення асобных аперацый.
Між тым намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка паказаў, як выглядаюць у Валынскай вобласці ўкраінскія ўмацаванні на мяжы з Беларуссю: “Ваенныя ўсталявалі сапраўды сур’ёзныя загароды, а мясцовыя ўлады дапамаглі з камерамі сачэння. Тут ужылі і цеплавізійныя камеры”.