Актыўнасць сілавікоў і судоў 3 чэрвеня
Сёння былі затрыманыя Youtube-блогер, журналіст Tribuna.com Аляксандр Івулін і былы супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканала Яраслаў Пісарэнка.
У Гродне АМАП прыйшоў у краму «Адметнасць», якая гандлюе таварамі зь беларускай нацыянальнай сымболікай. Сілавікі канфіскавалі тавары з бел-чырвона-белай гамай колераў. Затрыманая гаспадыня крамы.
Студэнтаў БДУ Савелія Дубовіка і Вольгу Вайтовіч адлічылі з ВНУ за тое, што яны прыйшлі да суда падтрымаць студэнтаў-палітвязняў. Увечары стала вядома, што Савелія арыштавалі. Яшчэ 13 жыхароў Брэста асуджаныя па «карагоднай справе». Яны атрымалі ад 1,5 да 2 гадоў «хіміі», адзін з фігурантаў атрымаў год калоніі строгага рэжыму.
Увечары 2 чэрвеня 2021 года ў мінскім парку Цівалі міліцыя затрымала не менш за 10 чалавек, якія проста гутарылі і выгульвалі сабак. Сёння ў судзе Фрунзенскага раёна ўсе затрыманыя атрымалі содні або велізарныя штрафы. У пратаколах запісалі, што яны прымалі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 24.23 КаАП), пляскалі ў ладкі і выкрыквалі лозунгі.
Сярод затрыманых быў і 31-гадовы хірург Сяргей Броўка. Сваёй віны ён не прызнаў. Паводле яго слоў, ён прадаў кватэру і паехаў па скрынкі для пераезду. Каля парку ўбачыў сваіх знаёмых і падышоў паразмаўляць з імі. Даведаўшыся, што ён пераязджае ў адзін з самых пратэстных раёнаў, суддзя прысудзіла Сяргею 30 сутак арышту.