Адзіночны пікет беларускі ў Вашынгтоне – было чуваць да Белага дома
Беларуска Маша Забара 20 жніўня выйшла на адзіночны пікет ля будынка МВФ і Казначэйства ў Вашынгтоне. Яна выступала супраць рашэння Міжнароднага валютнага фонду ўзычыць Беларусі больш за 900 мільёнаў даляраў нягледзячы на тое, што Лукашэнка працягвае ўтрымліваць уладу ў краіне. Журналісты «Белсат» пагутарылі з Машай аб пікеце каля МВФ і рэакцыі беларусаў ЗША.
Маша прастаяла ля офіса МВФ увесь дзень з раніцы да вечара. Яна хацела быць пачутай Джанэт Йелен, міністаркай фінансаў ЗША. Высветлілася, што Джанэт Йелен у адпачынку, тым не менш беларуска працягнула акцыю, спадзеючыся прыцягнуць увагу чыноўнікаў. «Яна адмяніла грант Афганістану. То бок, калі ім вельмі моцна хочацца, яны могуць што заўгодна вырашыць, таму ніякія адгаворкі не прымаліся», – падкрэсліла Забара.
Машу ўразіла, як беларусы Вашынгтона былі гатовыя дапамагаць пасля таго, як яна напісала ў іх групу. Ёй адразу ж прапанавалі дапамогу – намёт, ежу, сцягі і плакаты. Нават атрымалі дазвол на пратэст, хаця акцыю да 25 чалавек можна не ўзгадняць.
«У выніку мяне сустрэлі ўвечары, прыйшлі людзі з плакатамі, з арт-праектамі і нават замовілі мне мегафон. І ён рэальна вырашыў пытанне, таму што так проста стаяць – на мяне ніхто не звяртаў увагі, а з ім мяне было чуваць да самага Белага дома».
Марыя запусціла флэшмоб #NoGrantForDictator і разам з новымі знаёмымі з Вашынгтона мае намер працягнуць ціснуць на палітыкаў праз асабістыя кантакты, якія напрацавала дыяспара. «У беларусаў за мяжой няма права здавацца», – кажа Маша.
Пікет Машы даў імпульс новым пратэстам беларусаў замежжа: беларуская дыяспара арганізавала мітынгі каля офісаў МВФ і яго прадстаўніцтваў па ўсім свеце. Беларусы выйшлі на пратэст у ЗША, Японіі, Польшчы, Літве, Бельгіі, Германіі, Украіне, Чэхіі, Італіі і іншых краінах.
Маша Забара жыве ў ЗША і працуе ў дабрачынным праекце Thrift to Fight. Маша вядзе таксама свае каналы ў “Інстаграме” і “Ютубе”, дзе асвятляе падзеі ў Беларусі для англамоўнай аўдыторыі.