197 гадоў турмы для 12 чалавек па “справе Аўтуховіча”
Палітвязень Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 25 гадоў калоніі строгага рэжыму, першыя пяць з якіх ён мусіць правесці ў турме. Гэта беспрэцэдэнтны прысуд па палітычна матываванай справе ў Беларусі.
Разам з Аўтуховічам асуджаныя на тэрміны ад 2,5 да 20 гадоў яшчэ 11 чалавек: праваслаўны святар Сяргей Рэзановіч, яго жонка Любоў Рэзановіч, іх сын Павел Рэзановіч, пенсіянерка Галіна Дзербыш, баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, актывістка Вольга Маёрава, пенсіянерка Ірына Мельхер і яе сын Антон Мельхер, а таксама Ірына Гарачкіна, Віктар Снегур і Павел Сава. Агулам яны атрымалі 197 гадоў турмы і амаль 100 тысяч долараў штрафу.
Так званую “групу Аўтуховіча” абвінавацілі ў тым, што яны “хацелі зрынуць уладу з дапамогай украінскіх спецслужбаў”, “планавалі і ажыццяўлялі тэракты” і нібыта ўвозілі зброю з Украіны. Пры гэтым, большасць фігурантаў справы сцвярджаюць, што нават не былі знаёмыя адно з адным. Акрамя таго, “група Аўтуховіча” нібыта рыхтавалася па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў захапіць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі для катаванняў і перадачы атрыманых у іх звестак, хаця падчас затрымання фігурантаў справы ў 2020 годзе аб размяшчэнні расейскіх вайскоўцаў у Беларусі гаворкі не шло.
Суд па «справе Аўтуховіча» працягваўся 5 месяцаў, з 19 верасня ён праходзіў у закрытым рэжыме. Усе фігуранты справы знаходзяцца пад вартай ужо 22 месяцы. Падчас судовага працэсу з зняволеных здзекаваліся: іх змяшчалі ў асобныя маленькія клеткі, сілай распраналі перад кожным пасяджэннем і прасвечвалі адзенне рэнтгенам, аказвалі псіхалагічны ціск, змяшчалі ў штрафны ізалятар і блаківалі перапіску. Ва Уладзіміра Гундара, у якога няма нагі, у турме адбіралі пратэз, а на допытах у КДБ прымушалі перамяшчацца без мыліц. Пратэстуючы супраць забароны перапіскі, Аўтуховіч 23 дні трымаў сухую галадоўку, пасля якой у яго пачалі разбурацца ныркі. 11 дзён галадоўку трымаў Уладзімір Гундар, пратэстуючы супраць таго, што яго змясцілі ў карцэр.
Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча і іншых асуджаных па ягонай справе, палітвязнямі. У мінулым паспяховы прадпрымальнік, Мікалай Аўтуховіч ужо меў такі статус раней, у 2005 і ў 2010 гадах. Тады ён адседзеў у суме 7 гадоў і пяць месяцаў — самы вялікі тэрмін сярод беларускіх палітвязняў.