10 тысяч мядзведзікаў у падтрымку Беларусі раскупілі менш чым за 12 гадзін
Выпуск папулярнага амерыканскага гумарыстычнага шоў «Last Week Tonight with John Oliver» на канале HBO прысвяцілі сітуацыі ў Беларусі. Вядучы Джон Олівер распавёў пра прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і палітычны крызіс у Беларусі. Ён узгадаў пра леташнія прэзідэнцкія выбары, масавыя пратэсты, а таксама гамафобныя і антысеміцкія выказванні Аляксандра Лукашэнкі. Сярод іншага, у праграме распавялі пра прысуды, вынесеныя Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку, пра Сяргея і Святлану Ціханоўскіх.
Асобны акцэнт у шоў зроблены на двух эпізодах з плюшавымі цацкамі: гэта мядзведзікі, скінутыя грамадзянамі Швецыі з самалёта ў адным з раёнаў Мінску ў 2012 годзе, і акцыя Паўла Вінаградава ў тым жа годзе з плюшавымі цацкамі, які трымалі ў руках пратэстныя плакаты. «Гэта самы мілы акт грамадзянскага непадпарадкавання, які я калі-небудзь бачыў», – сказаў Олівер.
Каманда тэлешоў выпусціла 10 тысяч адмысловых плюшавых мядзведзікаў і заклікала гледачоў купляць іх на сайце belarusbearforce.com. Усе грошы ад іх продажу будуць перададзеныя арганізацыям, якія займаюцца праблемамі свабоды слова і правоў чалавека ў Беларусі.
Цацкі былі распрададзеныя менш чым за 12 гадзін, але далучыцца да акцыі можна з дапамогай ахвяраванняў на платформе GlobalGiving.