10 фігурантаў “Справы студэнтаў” выйшлі на волю
30 лістапада на волю выйшлі амаль усе асуджаныя па “Справе студэнтаў”, незаконна затрыманыя 12 лістапада 2020 года. Яны цалкам адбылі тэрмін зняволення.
Першай вызвалілі Алану Гебрэмарыям, выпускніцу медыцынскага ўніверсітэта, якая на момант затрымання была прадстаўніцай Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў. Пазней стала вядома пра вызваленне студэнтак Касі Будзько, Анастасіі Булыбенкі, Вікторыі Гранкоўскай, Марыі Каленік, Яны Арабейкі, Ксеніі Сырамалот, студэнтаў Ягора Канецкага і Іллі Трахтэнберга, а таксама выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вольгі Філатчанкавай. Усе студэнты адлічаны пасля затрымання, а выкладчыца звольненая. Раней на волю выйшаў Глеб Фіцнер — ён адзіны прызнаў віну і атрымаў два гады калоніі. Такім чынам, за кратамі застаецца толькі Таццяна Екельчык, якая была затрымана пазней за іншых фігурантаў і павінна выйсці 15 снежня. Маладыя людзі вызваляюцца, паколькі адбылі прызначаны ім тэрмін у 2,5 гады пазбаўлення волі (адзін дзень у следчым ізалятары да суда залічваецца за паўтара).
“Задзіночанне беларускіх студэнтаў” збірае сродкі на стыпендыю Смоліча, якая будзе размеркавана сярод палітвязняў, якія выйшлі на волю. Святлана Ціханоўская напісала, што два тыдні таму дамовілася з урадам Чэхіі аб стыпендыях для навучання якія выйшлі на волю студэнтаў — яны змогуць ёй скарыстацца, калі захочуць.
“Справа студэнтаў” — гэта палітычна матываваны пераслед студэнцкіх актывістаў. 11 навучэнцам беларускіх ВНУ і выкладчыцы ставіўся ў віну самы папулярны “пратэстны” артыкул — “арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Усе яны былі прызнаныя палітзняволенымі.