ЗША абвінавацілі беларускіх чыноўнікаў у авіяпірацтве
Міністэрства юстыцыі ЗША абвінаваціла чатырох беларускіх чыноўнікаў у авіяцыйным пірацтве за прымус да пасадкі рэйса Ryanair у траўні мінулага года. У абвінаваўчым заключэнні гаворыцца, што беларускія ўлады сфабрыкавалі пагрозу выбуху, каб незаконна перанакіраваць пасажырскі рэйс з мэтай арышту дысідэнта Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. Двух вышэйшых службовых асобаў Дзяржаўнага аэранавігацыйнага ўпраўлення Беларусі і двух супрацоўнікаў КДБ пракуратура абвінавачвае ў «змове з мэтай здзяйснення авіяпірацтва».
Пракурор ЗША Дэм’ян Уільямс заявіў, што абвінавачанне дае аператыўнае і галоснае тлумачэнне таго, што насамрэч адбылося з рэйсам. Ён дадаў, што змова «не толькі парушыла міжнародныя нормы і крымінальнае заканадаўства ЗША, але і патэнцыйна паставіла пад пагрозу жыццё чатырох грамадзян ЗША і мноства іншых ні ў чым не вінаватых пасажыраў на борце».
Памочнік дырэктара ФБР Майкл Дж. Дрыскол сказаў: «Тое, што адбылося, не толькі з’яўляецца неабачлівым парушэннем заканадаўства ЗША, але і стварае надзвычайную пагрозу для бяспекі ўсіх, хто лятае самалётам. Наступны пілот, які атрымае сыгнал бедства з дыспетчарскай вежы, можа засумнявацца ў сапраўднасці небяспекі, што ставіць пад пагрозу жыцці людзей. ФБР і нашы замежныя партнёры будуць і надалей прыцягваць вінаватых да адказнасці за дзеянні, якія непасрэдна пагражаюць жыццю нашых грамадзян ЗША і ставяць пад пагрозу стабільнасць нашай нацыянальнай бяспекі».
Беларусь ужо сутыкнулася з хваляй санкцый з боку ЗША, ЕС, Злучанага Каралеўства і Канады за прымусовую пасадку. Еўрасаюз нават увёў забарону на палёты ў сваёй паветранай прасторы для беларускіх перавозчыкаў.
У чэрвені мінулага года латвійская паліцыя распачала крымінальную справу аб злачынных дзеяннях супраць свабоды, гонару і годнасці асобы. Расследаванне вядзецца і ў Польшчы, дзе былы авіядыспетчар паведаміў польскім следчым аб дэталях аперацыі КДБ. Паводле яго слоў, падчас здарэння ў дыспетчарскай вежы знаходзіўся супрацоўнік КДБ, які асабіста даваў указанні супрацоўнікам.