Таццяна Батура: 46 сутак арышту, галадоўка, карцэр і смерць бацькі
32-гадовая мінчанка Таццяна Батура была затрымана 15 лістапада 2021 года – усяго толькі за жаданне прысутнічаць у залі суда падчас працэсу. Яе тройчы арыштоўвалі паўторна, у выніку чаго яна правяла больш за 6 тыдняў за кратамі ў нечалавечых умовах. Калі чарговае судовае паседжанне перанеслі з-за смерці яе бацькі, Батура не стала чакаць прысуду і ўцякла з Беларусі. Цяпер яна знаходзіцца ў бяспецы.
У дзень затрымання Батура прыйшла да будынка суда, дзе праходзіў працэс па справе палітзняволенай Вольгі Залатар. Яе не пусцілі на працэс і адвезлі ў РУУС, дзе яе дапытваў намеснік начальніка Дзяніс Марцуль. Калі маладая жанчына запатрабавала выклікаць абаронцу, Марцуль стукнуў яе ў твар, так што яна стукнулася патыліцай аб металічны сейф, які стаяў ззаду. Яе просьбу аказаць медыцынскую дапамогу праігнаравалі. Толькі праз дзень, пасля патрабавання адваката, яе адвезлі ў паліклініку, дзе дыягнаставалі ўдар галавы.
Падчас свайго зняволення ў сумна вядомым ізалятары на Акрэсціна Таццяна Батура 13 дзён трымала галадоўку і схуднела да крытычнай адзнакі. Яе 20 дзён пратрымалі ў маленечкім карцэры, дзе ложак прышпільваецца да сцяны. Ахоўнікі адмовіліся адшпільваць ложак нават на ноч, таму палітзняволенай давялося спаць на падлозе. Апошнія два тыдні Батура сядзела ў камеры з бяздомнымі жанчынамі. Акрамя вошай, якія з’явіліся ў Таццяны Батуры ўжо ў пачатку зняволення, у гэтай камеры былі яшчэ і блашчыцы, якія пакусалі ўсё цела.
30 снежня 2021 года Батура павінна была выйсці на волю, але гэтага не адбылося. За дзень да меркаванага вызвалення памёр яе бацька, але яе не адпусцілі нават на ягонае пахаванне і прызначылі новы суд на 31 снежня 2021 года. На просьбу маці вызваліць дачку на час пахавання бацькі адзін з супрацоўнікаў груба адказаў, што яму ўсё адно. Тым не менш, 31 снежня 2021 года суддзя выпісала пастанову на вызваленне і перанесла суд на 3 студзеня 2022 года. Са зняволення Батура патрапіла на пахаванне бацькі, а праз некалькі дзён ужо была ў бяспецы за межамі Беларусі.