Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2021 годзе
За 2021 год колькасць палітвязняў павялічылася на 800 чалавек, паведамляе ПЦ «Вясна» ў дакладзе, што падводзіць вынікі года. У той жа час больш за 100 чалавек, якія раней былі прызнаныя палітвязнямі, у 2021 годзе выйшлі на волю, у большасці выпадкаў адбыўшы поўны тэрмін пакарання.
Па стане на 1 студзеня 2022 года ў Беларусі налічвалася 969 палітвязняў, класіфікаваных вядучымі праваабарончымі арганізацыямі краіны згодна са строгімі рэкамендацыямі па вызначэнні палітычных зняволеных.
Аднак поўны маштаб рэпрэсій яшчэ больш жахлівы. «Вясне» вядомыя імёны не менш за 1285 асоб, асуджаных у межах палітычна матываваных крымінальных працэсаў у 2021 годзе. Праваабаронцы зафіксавалі 6443 затрыманні і не менш за 3060 адміністрацыйных спагнанняў, накладзеных за рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод.
У мінулым годзе ўлады не правялі належнага эфектыўнага расследавання гібелі ўдзельнікаў мірных пратэстаў Аляксандра Тарайкоўскага, Генадзя Шутава, Рамана Бандарэнкі, Аляксандра Віхора і Вітольда Ашурака.
Акрамя таго, улады не расследавалі належным чынам каля 5000 скаргаў на катаванні і іншыя адмены жорсткага абыходжання з мірнымі дэманстрантамі і асобамі, якія знаходзяцца пад вартай. На сёння «Вясна» задакументавала больш за 1000 сведчанняў ахвяр катаванняў. Аналіз іх паказанняў сведчыць аб тым, што выкарыстанне катаванняў і жорсткага й бесчалавечнага абыходжання было шырока распаўсюджаным і сістэмным. У дакладзе Цэнтра зроблена выснова, што гэта была палітычна матываваная карная акцыя ўладаў з мэтай запалохвання беларускага грамадства.
Улады працягваюць актыўныя рэпрэсіі супраць журналістаў: у дадзены момант за кратамі знаходзяцца 32 журналісты і супрацоўнікі СМІ. За мінулы год 113 журналістаў былі затрыманыя, адбылі 29 тэрмінаў зняволення і зведалі 146 ператрусаў.
Амаль усе актывісты «Вясны» зазналі рэпрэсіі ў 2021 годзе, у тым ліку арышты і зняволенні. У іх дамах адбылося не менш за 86 ператрусаў. Увогуле іх дапытвалі не менш за 146 разоў. Сямёра з іх застаюцца за кратамі.
Суды, ігнаруючы стандарты справядлівага судовага працэсу, сталі неад’емнай часткай машыны рэпрэсій. Адвакаты працуюць ва ўмовах пастаяннага ўціску, пагроз і пераследу.
Палітычныя рэпрэсіі 2021 года, найбуйнейшыя ў найноўшай гісторыі Беларусі, спарадзілі міжнародную ізаляцыю краіны й шырокамаштабныя санкцыі з боку ЕС, ЗША, Злучанага Каралеўства ды іншых дзяржаў. Адзіным адказам уладаў на патрабаванні палітычнага пераўтварэння з’яўляецца ўзмацненне рэпрэсій і імітацыя агульнанацыянальнага дыялогу наконт так званай канстытуцыйнай рэформы.
Поўны тэкст агляду «Вясны», які ўлучае апісанне і аналіз крызісу ў сферы правоў чалавека ў Беларусі ў 2021 годзе, можна спампаваць тут.