Шантаж адміністратара супольнасці чыгуначнікаў
Адміністратар суполкі чыгуначнікаў распавёў, як беларускія спецслужбы прапануюць адпусціць яго 15-гадовага малодшага брата, які нядаўна быў затрыманы ў Беларусі, у абмен на закрыццё тэлеграм-канала “Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”, у якім публікуюцца даныя пра перамяшчэнні расійскай вайсковай тэхнікі.
“Медыязона” звязалася з Сяргеем Вайцяховічам, які з 2020 года адмініструе тэлеграм-канал беларускіх чыгуначнікаў. 24-гадовы Сяргей чатыры гады адпрацаваў на беларускай чыгунцы ў службе вагоннай гаспадаркі ў Менску. У 2020 годзе ён стварыў тэлеграм-канал “Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”, які публікуе інфармацыю пра рэйкавых партызанаў, рэпрэсіі на чыгунцы і перамяшчэнні расейскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. У траўні 2021 года Сяргей з’ехаў з краіны. У 2022 годзе беларускія ўлады прызналі канал “экстрэмісцкім”. На яго цяпер падпісана каля 9 тысяч чалавек. У канала ёсць вялікая сетка інфарматараў, якія працуюць на чыгунцы і звязаных з ёю структурах і адпраўляюць інфармацыю. Адміністратары канала сочаць за тым, каб інфармацыя, якую яны публікуюць, была дакладнай. Сяргей займаецца адміністраваннем канала не ў адзіночку, але з меркаванняў бяспекі імёны іншых адміністратараў не паведамляе. Паводле стваральнікаў канала, ім карыстаецца не толькі ўкраінская разведка.
Пасля ад’езду Сяргея з краіны да яго неаднаразова прыходзілі дадому з ператрусам: канфіскавалі ноўтбук, дакументацыю, старыя рэчы. Работнікі спецслужбаў сталі ціснуць на сям’ю адміністратара з мэтай спынення працы тэлеграм-канала.
“Ужо ў лістападзе-снежні 2022 года кадэбісты пачалі выходзіць на бацькоў і прасіць, каб я спыніў дзейнасць. Першы раз на працу да мамы, яна прадавачка, прыехалі чалавек шэсць. Яна ад нечаканасці, вядома, спалохалася. Тады яны перадалі просьбу, каб я перастаў весці тэлеграм-канал. Мама перадала мне іх просьбы, я ў адказ перадаў, каб яны не баяліся і звязваліся са мной напрамую, а не праз бацькоў. Але яны не звязаліся», — казаў Сяргей парталу Zerkalo.io.
У студзені 2023 года сілавікі затрымалі 15-гадовага Арцёма Вайцяховіча — малодшага брата Сяргея. Афіцыйнай прычынай для затрымання паслужыў канфлікт Арцёма з іншым вучнем. Але на момант затрымання канфлікт быў поўнасцю ўладжаны. Арцёма арыштавалі проста ў школе: яго папрасіў зайсці да сябе сацыяльны педагог, а там вучня ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Цяпер падлетак знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску. Паводле брата, яму прад’яўляецца абвінавачанне ў вымагальніцтве. Пасля затрымання Арцёма сілавікі праз маці папрасілі Сяргея звязацца з імі, кантакт у яго быў. У Сяргея пачалі патрабаваць закрыць тэлеграм-канала і спыніць любую дзейнасць у абмен на вызваленне брата і сталі дасылаць паведамленні накшталт “выканаеш маміну просьбу — падарыш сям’і шчасце на некалькі гадоў наперад”, “дыпламатыя лепшая за вайну”, “выканаць просьбу маці для мужчыны — святое”, “галоўнае — гэта давер і крокі насустрач адзін аднаму”, “не валяйце дурня”. Але нягледзячы на шантаж і ціск на сям’ю, Сяргей прыняў складанае рашэнне не зачыняць канал.
“Далей яны захацелі б больш. Сам факт таго, што я пайшоў у іх на повадзе, стаў бы для іх трыгерам, каб “працаваць” далей”, — лічыць Сяргей. Мама бачыла малодшага брата ў пракуратуры падчас прад’яўлення абвінавачання. Сяргей кажа, што Арцём трымаецца добра.