Роля Лукашэнкі ў эскалацыі паміж Расеяй і Захадам
Абодва крайнія сцэнары развіцця адносін паміж Расіяй і Захадам – і вайна, і замірэнне – невыгодныя для сённяшняй беларускай улады. Як піша палітычны аналітык Арцём Шрайбман для выдання carnegie.ru, у першым выпадку прыйдзецца рабіць рызыкоўныя і, верагодна, самаразбуральныя саступкі Крамлю, а ў другім будзе складана зацікавіць яго сваёй сумыснай антызаходнасцю. Мы публікуем яго тэзы ў скарочаным выглядзе.
10–20 лютага недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы маюць адбыцца маштабныя вучэнні «Саюзная рашучасць», для якіх Расія з сярэдзіны студзеня перапраўляе войскі з Далёкага Усходу. Аляксандру Лукашэнку ў гэтых падзеях вызначана роля не проста статыста, а нібыта ініцыятара манеўраў. Ён першым аб’явіў пра пазапланавыя вучэнні яшчэ на пачатку снежня. А потым пры кожным зручным выпадку падкрэсліваў, што сам запрасіў расейскіх вайскоўцаў, бо трэба трэніравацца прыкрываць паўднёвы фланг, а то ж Украіна становіцца крыніцай пагроз.
Нават не пачаўшыся, вучэнні яскрава прадэманстравалі новую рэгіянальную ролю Менска і яе супраціўнасць марам пра ўсходнееўрапейскую Швейцарыю, пра якія апавядалі беларускія ўлады яшчэ колькі гадоў таму. Пры гэтым сам Лукашэнка не змяніўся, і яму ніякавата ад таго, што яго перастаюць успрымаць як гаспадара сваёй краіны. Вашынгтон, які разумее гэтую рысу характару Лукашэнкі, дражніць яго, заяўляючы вуснамі ананімнага супрацоўніка Дзярждэпа, што беларускі дыктатар, мяркуючы па ўсім, ужо не кантралюе сітуацыю. Адначасова ЗША пагражаюць Мінску новымі санкцыямі за саўдзел у магчымай расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Ацэньваць верагоднасць рэальнай вайны ў рэгіёне – няўдзячны занятак. Але нават калі яна здарыцца, беларускае войска амаль напэўна не будзе ўдзельнічаць у баях наўпрост. Па ўласнай ініцыятыве Лукашэнка не пашле беларускія войскі ўдзельнічаць у канфлікце. Удзел у вайне, асабліва з Украінай, будзе цяжка растлумачыць нават значнай частцы ягоных прыхільнікаў, а тым больш астатнім беларусам. Лукашэнка сёння і так занадта далёкі ад вяршыні сваёй легітымнасці, каб рызыкаваць сваім галоўным палітычным актывам – спакоем лаяльнага выбаршчыка.
А вось шэрая зона кіруемага канфлікту з’яўляецца ідэальнай для таго, каб без сур’ёзных страт гандляваць сваёю рытарычнаю лаяльнасцю Маскве. Таму, калі спрэчка Расіі і ЗША вырашыцца і без вайны, і без міру, але праз нейкае дыпламатычнае забалбатанне рознагалоссяў, Лукашэнка можа нават атрымаць з гэтага карысць.