Повязь кратамі. Беларускія сем’і ў зняволенні

28 снежня ў Беларусі налічваецца больш за 1400 палітвязняў. “Вясна” працягвае распавядаць пра тых, хто апынуўся ў зняволенні праз палітычны пераслед. Часам бывае, што сям’я сутыкаецца з прэсінгам у дачыненні адразу да некалькіх людзей, якія адначасова трапляюць у турму. Далей гісторыі 15 сем’яў беларускіх палітзняволеных.
Ян і Аляксандр Папковічы, браты

Братоў затрымалі 2 верасня 2022 года, пры затрыманні іх моцна збілі. Вядома, што яны рыхтаваліся да пераезду ў Польшчу. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе.
Андрэй і Сяргей Клютчэні, браты

Андрэй і Сяргей былі затрыманыя 16 лістапада 2021 года пасля ператрусу ў іх доме. У сакавіку 2022 года іх асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі.
Карына і Інга Рэйдальф, сёстры

23-гадовую Карыну і 33-гадовую Інгу затрымалі ў кастрычніку 2022 года. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту пасля выбараў. Вядома, што Інга мае непаўналетняга сына.
Сняжана Інанец і Аляксандр Лычаўка, жонка і муж

Аляксандр – краязнаўца і журналіст з Мінску. Сняжана – журналістка з Мінску, аўтарка тэкстаў на краязнаўчую і культурную тэматыку. Сужэнцаў затрымалі ў кастрычніку 2022 года, абвінаваціўшы іх ва ўдзеле ў маршах пратэсту і падпісцы на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.
Дзіяна Чарнушына і Андрэй Асмалоўскі, грамадзянскія жонка і муж

Дыяна і Андрэй – сябры партыі АГП (Аб’яднаная грамадзянская партыя). Дыяну асудзілі на 2, а Андрэя на 3 гады пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту. У 2019 годзе Андрэй балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад АГП, выхоўвае двух сыноў. У Дыяны на волі засталося непаўналетняе дзіця.
Дзмітрый і Алена Паўловічы, муж і жонка

Алену і Дзмітрыя затрымалі ў ліпені 2022 года. Падчас ператрусу ў іх кватэры прымусілі здзіраць са сцен бела-чырвоныя шпалеры. Алену асудзілі на 2 гады, а Змітра на 1,5 гады пазбаўлення волі. У пары двое непаўнагадовых дзяцей, якія засталіся з бабуляй.
Паліна Палавінка і Дзмітрый Лукша, жонка і муж

Дзмітрый – журналіст, раней працаваў на “Белтэлерадыёкампаніі”, а пазней з’яўляўся пазаштатным карэспандэнтам казахстанскага тэлеканала. Яго арыштавалі пасля ператрусу ў кватэры ў сакавіку 2022 года і абвінавацілі ў дыскрэдытацыі краіны ў яго відэасюжэтах. Ягоную жонку арыштавалі ў чэрвені 2022 года. Дзмітрыя асудзілі на 4 гады, а Паліну на 2,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі.
Яна і Святлана Хромавы, дачка і маці

Святлана – намесніца дырэктара мінскай гімназіі нумар 42. Яна была затрымана разам з дачкой Янай у красавіку 2022 года. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў маршах пратэсту і асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі.
Даніла Бандарук і Марк Салонікаў, стрыечныя браты

Марк і Данііл абодва са шматдзетных сем’яў. Данііл пасля вучобы ў каледжы паехаў працаваць у Мінск на кладку тратуарнай пліткі. У Мінску абодвух братоў затрымалі ў жніўні 2020 года. Данііла прыгаварылі да 5, а Марка да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Ігар і Дар’я Лосікі, муж і жонка

Ігар Лосік – журналіст і блогер з Баранавічаў. Яго затрымалі пасля ператрусу ў ягоным доме ў чэрвені 2020 года і асудзілі на 15 год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ягоную жонку Дар’ю арыштавалі ў красавіку 2022 года за каментар “Белсату”, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. У мужа і жонкі ёсць маленькая дачка, якая засталася з бабуляй.
Іна і Валерыя Глінскія, маці і дачка

Іна і Валерыя працавалі ў МТБанку. У снежні 2021 года іх затрымалі. Над імі пачаўся суд за перадачу даных сілавікоў у “Чорную кнігу Беларусі”.
Ірына Злобіна і Андрэй Аляксандраў, жонка і муж

Ірына займалася малым бізнесам па вытворчасці сувеніраў. Андрэй – беларускі журналіст і медыяменеджэр. Іх затрымалі ў снежні 2021 года. Ірына і Андрэй ажаніліся ў СІЗА. Суд над імі доўжыўся 4 месяцы. Андрэя асудзілі на 14 гадоў, а Ірыну на 9 гадоў пазбаўлення волі.
Анастасія, Сяргей і Алена Кізім, дачка з бацькамі

У верасні 2022 года ў Мінску была затрымана Анастасія. Яе бацька паехаў разам з ёй ва ўпраўленне, дзе таксама быў затрыманы. У гэты ж час затрымалі і Алену. Суд над сям’ёй пачаўся напрыканцы снежня.
Дзяніс і Святлана Шарамецьевы, муж і жонка

Дзяніс – дызайнер і фатограф. Яго разам з жонкай затрымалі ў чэрвені 2022 года за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Дзяніса асудзілі на 2 гады, а Святлану на 1,5 гады пазбаўлення волі.
Алег Давыдзенка і Наталля Акцябрская, муж і жонка

Алег Давыдзенка – доктар біялагічных навук, аўтар 300 навуковых прац. Алега і Наталлю арыштавалі ў лістападзе за фатаграфію з акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Суд над сямейнай парай пачаўся напрыканцы снежня 2022 года.