Палітзняволеныя беларускі праз прызму мастацтва
Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка беларускія праваабаронцы заклікалі падтрымаць жанчын, якія бралі актыўны ўдзел у барацьбе за свабоду Беларусі, за што дагэтуль падпадаюць пад рэпрэсіі. Пра палітзняволеных беларусак адмыслова для Voice of Belarus распавядае праект “Палітвязынкі“, які публікуе іх намаляваныя партрэты і гісторыі з іх жыцця да і пасля зняволення, каб грамадства не забывалася пра рэпрэсаваных жанчын у Беларусі на фоне ваенных дзеянняў.
Палітзняволеная беларуска з найвялікшым тэрмінам – Вольга Маёрава, яе асудзілі на 20 гадоў калоніі, цяпер ёй 56 гадоў. Самая маладая палітзняволеная – Аніта Бакуновіч, ёй 18 гадоў. Нярэдкія выпадкі, калі ў турмах апынаюцца цэлыя сем’і: маці з дачкой, тата з сынам, часам уся сям’я.
Святлана Бараноўская трапіла на Валадарку (так называюць турму на вуліцы Валадарскага ў Мінску) на чатыры месяцы разам з сваёй дачкой. Адна з адной яны бачыліся толькі адзін раз, калі іх туды прывезлі – стаялі ў дворыку тварам да сцяны побач.
“Яшчэ мая Насця мне дапамагала несці матрац, бо ў гэты момант мяне зусім пакінулі сілы. Матрац быў вельмі дрэнны, я плакала і сказала, што не дайду да камеры. Там зялёныя калідоры, у якіх пахне цінай, зямлёй, смуродам”, – распавядае Святлана. Жанчын размясцілі ў суседнія камеры. “Шчыра скажу, што я адчувала цяпло ў сябе ў грудзях ад таго, што яна побач”, – з цеплынёй кажа Святлана.
Для тых, хто сядзіць на Валадарцы, ёсць тэрмін “Радыё Валадарка”. Гэта калі крычыш у акно і перамаўляешся з іншымі камерамі. “У маёй дачкі быў дзень нараджэння. Я ў акно казала ёй словы любові. Мне здавалася, што ўсе слухалі толькі мяне”, – кажа Святлана Бараноўская.
Жанчыны адсядзелі ў ізалятары да суда, іх асудзілі на тры гады “хатняй” хіміі (калі асуджаная застаецца на волі, але са строгімі абмежаваннямі). Пасля суда Святлана пакінула краіну. Жанчына перайшла мяжу па балоце пры мінусовай тэмпературы і па пояс у вадзе. Яе дачка Насця засталася ў Беларусі. Святлана прызнаецца, што ёй цяпер маральна вельмі цяжка за дачку, за ўнука і за мужа.
Праект “Палітвязынкі” стварыла журналістка Яўгенія Доўгая разам з мастачкай Ганнай Татур і яшчэ некалькімі “чараўніцамі”. Сама Яўгенія вымушана была з’ехаць з Беларусі ва Украіну праз пераследы 2020 года, а пасля пачатку вайны знаходзіцца ў Польшчы, адкуль займаецца актывізмам і праваабарончай дзейнасцю.
Беларускі цяпер апынуліся ў сітуацыі, калі іх пакуты абясцэньваюць, тлумачачы гэта тым, што мужчыны часцей зазнаюць фізічны гвалт з боку сілавікоў. Але жанчын таксама б’юць, а яшчэ яны адчуваюць цяжкі маральны прэсінг і, сярод іншага, пагрозы дабрабыту іх дзяцей.
Беларуска Іна Шырокая — маці пяці дзяцей. У жніўні 2020 года АМАП збіў яе 18-гадовага сына за ўдзел у мірным пратэсце, а яе дачка валанцёрыла на Акрэсціна. Тады яна стала хадзіць на мітынгі, актыўна выказваць сваю пазіцыю на працы — жанчына была загадчыцай адной з гродзенскіх кавярняў. Увечары перад візітам Лукашэнкі ў Гродна Іна выставіла на ганак кавярні белыя і чырвоныя свечкі. Пасля гэтага яе звольнілі. А потым аднаго ранку яе затрымалі, а дома засталіся трое непаўналетніх дзяцей. Іна прайшла шантаж дзецьмі з боку сілавікоў. Старэйшых дзяцей абяцалі пасадзіць, а малодшых адабраць і забраць у прытулак.
Іна Шырокая называе турэмны побыт простым і ўбогім:
– Я навучылася спаць, робячы выгляд, што не сплю, навучылася есці ежу, да якой ніколі б не дакранулася раней, навучылася лавіць вошай і блашчыц і не ўздрыгваць ад агіды, навучылася не расчэсвацца на працягу тыдня ад душа да душа, навучылася абыходзіцца без гадзінніка, бо час унутры турмы не мае значэння, кіпяціць ваду ў кубку ці тазе, каб цябе пры гэтым не ўдарыла токам, а калі ўдарыла, то не моцна… Я навучылася падмывацца з кубачка за 1 хвіліну, бо ў туалет чарга, рабіць салату ў пакеце і боршч з сухога бурака (дасыпаць сухога буракаў абедзенны недаборшч), рабіць паштэт з рыбы з “магілы” (так звалі вараную нячышчаную путасу, якую давалі тры разы на тыдзень), захоўваць прадукты ў агульным баку, перакладаючы іх бутэлькамі з халоднай вадой. Яшчэ шмат чаму бессэнсоўнаму давялося навучыцца, што мне ніколі не спатрэбіцца.
Навучылася здымаць кайданкі ў аўтазаку, і ўпірацца нагамі ў “стакане”, каб не хістала падчас руху, вывучыла як прамаўляць рапарт і засцілаць ложак, як належыць, хаваць на сабе бутэльку з вадой перад шпацырам, каб паліць з яе на пыл у дворыку, бо ў маёй сукамерніцы палітзняволенай Волі Галубовіч астма і яна задыхалася”, – кажа Іна.
Іна правяла ў СІЗА больш за тры месяцы, пасля чаго атрымала тры гады “хатняй хіміі” і змагла з’ехаць з Беларусі. Але не ва ўсіх сем’яў так атрымліваецца. Напрыклад, палітзняволеную Алену Маўшук (яе асудзілі на шэсць гадоў калоніі) пазбавілі бацькоўскіх правоў. Былая зняволеная нядаўна распавяла, як у калоніі здзекуюцца з Алены:
– Вы проста ўявіць сабе не можаце, што з ёй робяць. Бацькоўскіх правоў пазбавілі проста ў калоніі, за самыя дробныя правіннасці – ШІЗА. Усміхаюцца проста ў вочы і робяць, што жадаюць. Гэта страшна! Гэта вельмі страшна! Гэта вельмі цяжка маральна, у спробе “зламаць” усе сродкі добрыя.
Праект “Палітвязынкі” робіць усё, каб людзі не забываліся на тых гераіняў, якія змагаюцца за перамены дзеля будучыні Беларусі. Мы, у сваю чаргу, будзем як мага больш распавядаць вам пра такія праекты і пра тое, што перажылі і працягваюць перажываць беларускія жанчыны на шляху да нашай агульнай свабоды.