Менскі форум у Варшаве: казалі пра вайну і гендарную роўнасць
З 1997 года Нямецка-беларускае таварыства ладзіла Менскі форум у беларускай сталіцы. Ужо тры гады такое немагчыма, таму форум ездзіць па Еўропе. Сёлета першая сустрэча прайшла ў Вільні, другая ў Варшаве, на чарзе – Брусель і Берлін. «Белсат» расказвае, што было на варшаўскай частцы 2 кастрычніка і чым гэта карысна для Беларусі.
Некалі Менскі форум быў адной з найважнейшых, калі не самай важнай пляцоўкай сустрэчаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і афіцыйных уладаў, а таксама замежных дыпламатаў і бізнесоўцаў, згадвае сябра праўлення Нямецка-беларускага таварыства Алесь Чайчыц. На гэтай пляцоўцы раней спрабавалі звесці рэжым Аляксандра Лукашэнкі і дэмакратычныя сілы пад нямецкім пасярэдніцтвам.
«Я бы не сказаў, што мы тут не можам уплываць на нейкія працэсы: мы можам, лідары беларускага грамадства тут», – кажа Чайчыц.
На форум, кажа Чайчыц, спрабуюць сабраць найбольш аўтарытэтных і важкіх чальцоў беларускай грамадзянскай супольнасці. Яны, запэўнівае Чайчыц, уплываюць не толькі на беларусаў за мяжой, але і транслююць высновы на больш шырокае беларускае грамадства – нават калі «старыя» лідары былі вымушаныя пакінуць краіну, іншыя лідары на іхным месцы яшчэ не выраслі.
На віленскай частцы форуму абмяркоўвалі пытанні беларускай ідэнтычнасці і захавання міжнароднай увагі да Беларусі. Тэмаў варшаўскай падзеі было таксама дзве: вострая – Беларусь у кантэксце вайны ва Украіне, і тэма па-за часам – гендарныя правы і правы ЛГБТ-людзей.
Беларусаў непакояць гендарныя праблемы, толькі іх не называюць словам «гендарныя»
Мадэратаркай першай тэмы – аб гендарных правах і правах ЛГБТ-людзей – была сузаснавальніца фемгрупы Каардынацыйнай рады Юлія Міцкевіч.
Праблемы ўразлівых групаў мусяць уздымаць самі гэтыя групы, а «нармальныя людзі займаюцца больш важным». Але грамадства не дрымучае – тэма для яго актуальная, проста аб гэтым большасць не здагадваецца. Міцкевіч расказала, як фемгрупа КР рабіла даследаванне пра актуальнасць гендарных праблемаў. Беларусы фармальна ставяць праблему гендарнай роўнасці на апошняе месца. Але разам з тым сярод самых актуальных праблемаў якраз называюць хатні гвалт ці разрыў у заробках мужчынаў і жанчын. Не называюць неактуальнай і праблему сексуальных дамаганняў. Проста праблемы такога кшталту не пазначаюць словам «гендарныя» – і пра іх агульныя вырашэнні кажуць рэдка.
Праціўнікі таго, каб актыўней займацца гендарнымі праблемамі, прыводзяць аргументы: тэма вузкая, і на яе няма часу, калі ў Беларусі рэпрэсіі, а ва Украіне вайна. Ды ў той жа Украіне падчас вайны ратыфікавалі Стамбульскую канвенцыю аб прадухіленні гвалту супраць жанчын і хатняга гвалту, ладзяць медыякампаніі бачнасці жанчын у вайне, а ваяры Збройных сілаў Украіны, што належаць да ЛГБТК+, самі ладзяць кампанію, каб паказаць, што ваююць не толькі стэрэатыпныя гетэрасексуальныя мужчыны.
Што рабіць? Удзельнікі дыскусіі адказваюць: працаваць з усімі (грамадствам, палітыкамі і медыямі), даводзіць простыя ісціны крэатыўнымі шляхамі. Казаць пра гендарныя вымярэнні ў беларускай ідэнтычнасці, нацыянальным адраджэнні і гэтак далей. І памятаць, што палітыкі – ролевыя мадэлі для грамадзянаў.
Беларусь акупаваная ці Беларусь-суагрэсар?
Тэму Беларусі ў кантэксце вайны ва Украіне мадэраваў эксперт у сферы Беларусі Цэнтру ўсходніх даследаванняў Каміль Клысіньскі.
Якая адказнасць Беларусі за вайну ва Украіне? Адносна Беларусі ў свеце няма згоды: за рэпрэсіі супраць беларусаў адказныя ўлады, а адказнасць за вайну нярэдка ўскладаюць на беларусаў агулам.
Адны называюць Беларусь дзяржавай-суагрэсарам, іншыя – акупаванай краінай. Міжнароднае права ў такіх справах не гнуткае і не хутка адаптуецца, а ягоныя інструменты не спрыяюць абароне беларусаў. Але калі Беларусь нельга ўпэўнена назваць «юрыдычна акупаванай». Прыкметаў фактычнай акупацыі шмат, асабліва ў дзейнасці сілавога блоку і канкрэтных асобаў, звязаных з рэжымам.
Разбірацца са статусам суагрэсара беларусам варта з рэфлексіяй, памножанай на досвед іншых дзяржаваў, у тым ліку ў Першай і Другой сусветных войнах. Так, Францыя рэжыму Вішы фармальна не была акупаваная нацыстамі, ды дзейнічала ў інтарэсах нацыстаў, а свабодная Францыя пад кіраўніцтвам Шарля дэ Голя выйшла пераможцам з Другой сусветнай.
І варта нагадваць замежнікам пра нелегітымнасць рэжыму, пра пратэсты, пра колькасць ахвяраў рэпрэсіяў; пераводзіць Беларусь «з пазіцыі суагрэсара ў іншую лігу» і прасоўваць лозунг «Беларусь не краіна-агрэсар», нават «беларуская армія – не агрэсар». Прыкладаў для гэтага хапае, а новыя з’яўляюцца часам з нечаканых месцаў: так, за дзень да варшаўскай сустрэчы беларускія памежнікі прыспусцілі сцяг падчас агульнаўкраінскай хвіліны маўчання па загінулых героях.
Пытанне пра санкцыі за вайну ва Украіне – «тонкая матэрыя», у якой было б добра ўзважваць усе фактары. Калі проста вырашыць «пакласці ўсю прамысловасць Беларусі», ці не выйдзе, што замест «абяскроўленага рэжыму» атрымаем азлобленых салігорскіх шахцёраў, якія «пойдуць нас усіх біць каскамі, бо ім няма на што карміць дзяцей»? А каб дзейнічалі персанальныя санкцыі, ці трэба іх уводзіць пажыццёва і ці варта распаўсюджваць адказнасць на дзяцей падсанкцыйных асобаў?
Дэмакратычным сілам удзельнікі дыскусіі раілі думаць не толькі пра гэта, а і пра доўгатэрміновую падтрымку фінансавання грамадзянскіх ініцыятываў, і пра падрыхтоўку кадравага рэзерву, і пра ідэю «змены ў Беларусі пойдуць з самой Беларусі». Варта і прасоўваць ідэю праграмы эвакуацыі і рэабілітацыі палітвязняў, вызваленых у Беларусі, і рабіць прапановы для больш актыўнага і бяспечнага выкарыстання рэсурсаў тых актывістаў і супольнасцяў, што засталіся ў Беларусі.