Фільмы беларускіх аўтараў перамагаюць на міжнародных кінафестывалях

Мастацкая стужка “У прамым эфіры” (“Na żywo”) пра журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову прызнана найлепшай на польска-чэшскім конкурсе ZOOM-ZBLIŻENIA. Тым часам, на фінскім фестывалі кароткаметражнага кіно Tampere Film Festival атрымаў узнагароду фільм Away, таксама беларускага дакументаліста..
“Na żywo – не дакументальны фільм. Падзеі былі сціснутыя і змененыя мной для драматургічных патрэб, а гераіні маюць змененыя імёны… Я хацела, каб гледачы разам з гераінямі пражылі гэтыя ключавыя для іх жыцця пятнаццаць хвілін, адчулі, наколькі цяжкім было рашэнне, якое яны павінны былі прыняць – і ў той жа час, як яны не маглі прыняць іншае”, – распавядае рэжысёрка Мара Тамковіч.
Дыплом кінафестываля ZOOM-ZBLIŻENIA. Крыніца: facebook.com/mara.tamkovich

Сюжэт заснаваны на рэальнай гісторыі Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, журналістак “Белсата”, затрыманых у лістападзе 2020 года і асуджаных у лютым 2021 года да двух гадоў калоніі.

“Шмат радасці! Дзякуй вялікі фестывалю, суддзям, акторам, здымачнай групе і прадзюсарам фільму Wajda School & Studio. Спадзяюся, што кожная такая ўзнагарода дадае хоць трохі падтрымання, асабліва Каці, якая адбывае яшчэ адзін працяглы тэрмін”, – паведаміла ў сваім Facebook рэжысёрка фільма Мара Тамковіч.
Як паведамляе “Белсат”, адна з гераінь стужкі, Даша Чульцова, даведалася пра ўзнагароду ад калегаў з рэдакцыі: “Мне было няпроста, асабліва бачыць рэальныя кадры, што я здымала. Гэтыя ўспаміны ўсё яшчэ вельмі блізкія і балючыя для мяне. Мара – выдатная рэжысёрка і вельмі класны чалавек. Гэтае кіно кранае сэрцы, і маё таксама, вядома ж. Упэўненая, што калі б Каця яго паглядзела, яна б сказала тое самае”.
Сустрэча пасля паказу фільма “У прамым эфіры”. Справа – журналістка Дар’я Чульцова. Злева – актрыса, якая адыграла ролю Дар’і Чульцовай. Варшава, Польшча.

І гэта не адзіная беларуская кінастужка, што атрымала ўзнагароду сёлета. На фінскім фестывале кароткаметражнага кіно Tampere Film Festival у намінацыі “Найлепшае дакументальнае кіно” перамог фільм Away беларускага рэжысёра-дакументаліста Руслана Фядотава, – піша Telegram-канал “Святы Белавуд”. Карціна апавядае пра ўкраінскіх дзяцей, якія перажываюць вайну ў эвакуацыі ў Венгрыі.
