“Эўропа сёньня — там, дзе дакладна ведаюць, што такое ‘фашызм’ і што такое ‘экстрэмізм'”
Рэжым у Беларусі рэгулярна папаўняе спісы людзей, арганізацый і матэрыялаў, якія аб’яўляе “экстрэмісцкімі”. 25 кастрычніка да іх дадаліся яшчэ дзве кнігі на беларускай мове. Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, чый раман “Сабакі Эўропы” апынуўся ў “экстрэмісцкім” спісе яшчэ ў траўні, піша пра маўклівую рэакцыю Еўропы на забарону кніг у самым яе цэнтры (захаваны арыгінальны правапіс):
“Калі ў Беларусі прызналі экстрэмісцкай кнігу “Беларуская нацыянальная ідэя”, яны маўчалі. Гэта ж беларуская нацыянальная ідэя — а яны баяцца слова “нацыяналізм”.
Калі ў Беларусі прызналі экстрэмісцкім раман “Сабакі Эўропы”, яны маўчалі. Гэта ж беларускі раман — а беларусы маюць права толькі скардзіцца і сьведчыць, а не пісаць тоўстыя раманы.
Калі прызналі экстрэмісцкім гістарычнае дасьледаваньне пра аграрную палітыку нацыстаў у Заходняй Беларусі, яны маўчалі. Яны баяліся слова “нацызм” і, па шчырасьці, ня бачылі розьніцы паміж нацызмам і нацыяналізмам.
Калі ў Беларусі прызналі экстрэмісцкай дзіцячую паэму маладога Бродзкага пра маленькі буксыр, яны маўчалі. Бо нават не падазравалі пра яе існаваньне. Але пасьлязаўтра вырашылі, што гэта забаўны кур’ёз, варты пары радкоў на дзясятай паласе. Усё ж нобэлеўскі ляўрэат і расеец. Але пра тое, што гэта пераклад на беларускую мову, яны не згадалі — бо не падазравалі пра яе існаваньне.
Калі ў Беларусі прызналі экстрэмісцкай кнігу Арлова і Татарнікава “Айчына” пра беларускую гісторыю, яны маўчалі. Гэта ж беларуская гісторыя, а яна заўсёды нейкая няправільная і выдуманая. На Захадзе дзецям і студэнтам усё ня так расказваюць.
Яны жылі ў вольных і мірных дэмакратычных краінах. Яны вельмі баяліся слова “экстрэмізм”. Яны вельмі баяліся гісторыі, а слова “нацыянальны” лічылі лаянкай. І ў гэтым мала чым адрозьніваліся ад тых, хто забараняў тыя кнігі. Яны хацелі самых простых адказаў і рашэньняў. Прамаўчаць. Забараніць. Не даваць візы. Заблякаваць. Адмяніць. Скасаваць. Не пускаць. Дыскрымінаваць. Забыць.
Яны заўсёды былі гатовыя вучыць іншых дэмакратыі і свабодзе слова. Я называў іх “Захадам”, а яны сябе “Эўропай”. Але я ведаю, што Эўропа — гэта і мая згвалтаваная і зьнявечаная радзіма таксама. Эўропа — гэта Украіна, якая змагаецца. Эўропа — гэта там, дзе боль, сьмерць і страх, Эўропа — гэта там, дзе б’юцца з імпэрыяй, дзе паміраюць за свабоду, дзе невінаватыя тысячамі сядзяць у турмах. Эўропа — там, дзе пішуцца такія кнігі, якія ня робяць выгляд, што нічога не зьмянілася. Эўропа — там, дзе старыя словы страцілі свае старыя значэньні. Эўропа сёньня — там, дзе дакладна ведаюць, што такое “фашызм” і што такое “экстрэмізм”. І дзе разумеюць, што “мір” не здабываецца капітуляцыяй і кампрамісам. Эўропа — гэта вечнае выгнаньне на радзіму. Эўропа там, дзе ідзе вайна. Зь людзьмі, нацыямі, мовамі, кнігамі, каштоўнасьцямі.
Яны будуць маўчаць і вучыць нас змагацца за свабоду слова, пра якую ня маюць ніякага ўяўленьня.
Мы шмат дзе пабывалі за апошнія два гады. Мы бачылі людзей, якія разумеюць значна больш за свае ўрады. Мы чулі словы падтрымкі на самых розных мовах. Мы гаварылі на розных мовах пра тое, што адбываецца ў Эўропе. Нас слухалі. Нас перакладалі. Нас прасілі расьпісвацца ў кнігах ганаровых гасьцей. Нас абдымалі. Часам нас запрашалі паскардзіцца. Але ў межах 45 хвілін. Інакш публіцы зробіцца нудна. Яны заклікалі да дыялёгу.
Але найгучнейшым было менавіта яно — маўчаньне ў адказ”.