“Добро пожаловать в гестапо”: як катавалі палітвязняў у Беларусі ў 2022 годзе
Катаванні і ўтрыманне ў ізалятарах у нечалавечых умовах са жніўня 2020 году сталі неад’емнымі часткамі палітычнага пераследу іншадумцаў. Да гэтага часу ніводнай справы ў дачыненні да сілавікоў узбуджана не было. Суды прызначаюць вялікія турэмныя тэрміны не тым, хто катуе, а тым, каго катуюць і збіваюць. Праваабаронцы “Вясны” працягваюць дакументаваць усе выпадкі катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, упэўненыя, што датычныя да гэтага ў рэшце рэшт будуць прыцягнутыя да адказнасці, і ўзгадваюць самыя гучныя гісторыі катаванняў, пра якія стала вядома ў 2022 годзе.
Збіваюць затрыманых з палітычных матываў часцей за ўсё дручком па нагах і ягадзіцах. Таксама выкарыстоўваюцца электрашокеры, удушэнне пакетам. Гэта ўсё суправаджаецца пагрозамі яшчэ большага гвалту.
“Былі людзі з цалкам сінімі нагамі. Гэта самае распаўсюджанае. Але мяне білі па галаве, таму былі сінякі і пад вачыма. У мяне вельмі дрэнны зрок, але пры паступленні ў ЦІП адзін з супрацоўнікаў адмовіўся мне выдаць акуляры, сказаўшы, што за 15 сутак пачну бачыць”, — распавёў “Вясне” былы зняволены Аляксандр Андрушкевіч.
“Па калідоры вадзілі і білі маці”
Асуджаны па рэзананснай “справе Аўтуховіча” на 19 лет калоніі Павел Рэзановіч на судзе заявіў, што падпісаў загадзя падрыхтаваныя паказанні пад катаваннямі:
“Супрацоўнікі КДБ палохалі мяне арыштам жонкі, а па калідоры ў той час вадзілі і білі маму, і я чуў яе крыкі. У такіх умовах падпішаш і не такое”.
Яго маці, Любоў Рэзановіч, асудзілі па той самай справе на 12 гадоў калоніі.
“У лесе допыт з пісталетамі”
Праграміста Аляксея Кавалеўскага прыгаварылі да двух гадоў прымусовых работ за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020-га і адпусцілі да накіравання ў папраўчую ўстанову. Аляксей вырашыў адразу з’ехаць у Літву, але патрапіў у спецаперацыю КДБ:
“Мы толькі ад’язджаем ад Гродна — нас адразу максімальна жорстка прымае КДБ. Машыну толькі спыняе ДАІ, кіроўца не паспеў зацягнуць ручнік, ужо адчыняюцца дзверы — мне прылятае ўдар па сківіцы і людзі стаяць тыкаюць пісталетамі. Адразу — “мордай у падлогу” і куча ўдараў, якія ўжо не злічыць. Потым нас з кіроўцам вязуць у багажніку ў лес, там дастаюць і збіваюць, у тым ліку б’юць электрашокерам. У лесе праводзяць допыт з пісталетамі. Супрацоўнікі былі ў цывільным.
Як выявілася, у маёй групе мусілі перасякаць мяжу “рэйкавыя партызаны” з Бабруйску. Іх затрымалі задоўга да гэтага, а наша затрыманне было інсцэніроўкай. <…> Потым яны разыгрывалі сцэнку з прастрэленымі каленамі. Крычалі, што і нам прастрэляць таксама. Білі так, каб як быццам знепрытомнеў, але мяне ж дапытваюць — максімальна дзіўна гэта было. Уся гэтая спецаперацыя была, каб злавіць чалавека, які дапамагае з пераходам мяжы“.
“Я думаў, што проста не даеду“
У лютым Аляксея Бычкоўскага і Арцёма Пархамовіча асудзілі на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжына кожнага за “зліў звестак” пра сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, у тэлеграм-канал “Чорная кніга Беларусі”. Жонка Аляксея, Таццяна Бычкоўская, распавяла “Нашай Ніве”, што мужа моцна збілі пасля затрымання:
“Я не хачу нават гаварыць, што з ім рабілі — гэта проста прынізліва для яго. Але, мне сказалі, яго білі электрашокерам, ён губляў прытомнасць…
А сам муж напісаў у адным з лістоў пра дарогу ў СК: ‘Я думаў, што проста не даеду'”.
“Добро пожаловать в гестапо”
У сакавіку, таксама па справе “Чорнай кнігі Беларусі” стрыт-арт-мастака і IT-спецыяліста Дзмітрыя Падрэза асудзілі на сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Былы сукамэрнік Дзмітрыя распавёў “Вясне” падрабязнасьці ягонага затрыманьня:
“Забеглі ў ванную, захапілі і паклалі ў пакоі. На рукі – кайданкі. Супрацоўнік ГУБАЗіКа Высоцкі дастаў з паліцы злепак гіпсавай рукі, нацягнуў прэзерватыў і кажа: “Давайце ўставім ў задні праход”. Але паклаў гіпсавую руку каля галавы. А перад гэтым сахравец ударыў нагой па сцёгнах, а іншы – пальчаткай па твары.
У хатняй бібліятэцы знайшлі руска-польскі размоўнік. Губазавец Асташка ўдарыў размоўнікам па твары са словамі: “Ты что, блять, не патриот?”
Павезлі ў ГУБАЗіК, калі пад’ехалі, Высоцкі сказаў: “Добро пожаловать в гестапо”“.
“Ён быў увесь сінім: ад канца пазваночніка і амаль да пятак”
У снежні былога следчага Мікіту Старажэнку, які звольніўся, каб не ўдзельнічаць у рэпрэсіях, асудзілі на сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў “зліве” кантактаў сілавікоў “пратэстным каналам”. Ягоны сукамернік пацьвердзіў “Вясне” зьбіццё пры затрыманні:
“Ён быў увесь сінім: ад канца пазваночніка і амаль да пятак. У яго былі нават не сінія, а цёмна-фіялетавыя ногі. На твары і на галаве былі ранкі, сляды ад кайданкоў. Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву, надзявалі вядро для смецця на галаву і білі па вядры, каб слядоў збіцця не заставалася. Але ўсё адно ў яго было рассячэнне на носе, каля вуха была вялікая ранка. Відаць, па носе яму патрапіла нармальна, таму што ён яшчэ і чырвоны быў. Таксама ў яго былі апухлыя вусны, сіняк на падбародку“.
“Апраналі пакет на галаву, было не менш за 50 удараў“
У верасні палітвязня Анатоля Латушку, стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі, асудзілі на шэсць гадоў калоніі і штрафу ў 300 базавых велічыняў. Падчас суда былі агучаныя падрабязнасці прымянення фізічнай сілы да яго ў аддзяленні міліцыі, пра якія Латушка расказваў падчас следства:
“Супрацоўнік апранаў мне два разы на галаву поліэтыленавы пакет, пры гэтым яны тлумачылі, што хочуць атрымаць ад мяне нейкія звесткі, пра якія я сам не ведаў. Хтосьці з супрацоўнікаў узяў у рукі дубінку, пачаў пагражаць ёй… ” [суддзя прапусціў частку тэксту].
“Пра ўдары нейкія, не менш за 50 разоў…”, — працягвае суддзя.
“Казалі аб тым, што хочуць атрымаць ад мяне інфармацыю, што датычыцца нейкіх телеграм-каналаў. Я не разумеў, што ад мяне хочуць. Ад таго, што на мяне аказваюць фізічны ціск, я пагадзіўся даваць паказанні, якія мне сказалі супрацоўнікі міліцыі”.
На судзе палітвязень пацьвердзіў гэтыя факты.