Апошняе слова Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага
Cкончылася судовае разбіральніцтва па крымінальнай справе супраць Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Пракурор запрасіў для праваабаронцаў ад 9 да 12 гадоў зняволення. Прысуд будзе абвешчаны 3 сакавіка.
Публікуем у скарачэнні апошняе слова, з якім Алесь Бяляцкі выступіў у судзе 13 лютага:
“Крымінальная справа супраць нас — праваабаронцаў “Вясны” — палітычна матываваная. Уся гэтая эпапея на 284 тамы, сотні вобшукаў і допытаў па ўсёй краіне не мае нічога агульнага з папярэднім следствам, плюс палітычны падтэкст.
А за ім не было і справядлівага судовага разбіральніцтва. Паўтара года цягнулася расследаванне гэтак званай крымінальнай справы. З чатырох адвакатаў, якія на розных этапах абаранялі мяне, адзін з іх — Віталь Брагінец, які апынуўся ў турме і быў зняволены на восем гадоў, яшчэ двое былі пазбаўленыя ліцэнзіі цягам апошніх месяцаў, і толькі адна дайшла да фініша. Такі беспрэцэндэнтны ціск на адвакатаў паказвае, у якіх цяжкіх і небяспечных умовах ім прыходзіцца абараняць сваіх кліентаў.
Надзвычайна склалася сітуацыя з мовай у судзе: абвінавачванне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я, як абвінавачаны, з’яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. Нагадваю, што беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай, і вы, як дзяржаўныя чыноўнікі, павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы, у тым ліку і беларускую.
Абвінавачванне і суд практычна адмовіліся ад допыту, ад пытанняў, якія іх цікавілі падчас працэсу і майго допыту. Складаецца ўражанне, што ні пракуратуру, ні суд увогуле не цікавіць праўда, для іх усё было зразумела з самага пачатку яшчэ да суда.Нагадваю, што ні пракуратура, ні суд так і не далі мне магчымасці азнаёміцца з усімі 284 тамамі так званай крымінальнай справы.
нашай гісторыі такое было толькі ў царскія і сталінскія змрочныя гады аж да смерці Сталіна ў 53-м годзе. Напачатку 80-х гадоў, калі ў СССР быў пік змагання з дысідэнтамі, праваабаронцамі, актывістамі нацыянальных і рэлігійных рухаў, палітзняволеных было каля трох тысячаў на ўсю агромністую савецкую імперыю, у якой жыло 250 мільёнаў чалавек. А зараз на адну Беларусь — паўтары тысячы палітзняволеных.
Сітуацыя поўнамаштабнага крызісу ў дзяржаве моцна небяспечная для суверэнітэту Беларусі. […] Дзеля захавання Беларусі як дзяржавы, дзеля будучыні нашага народу, нам усім, а найперш — уладам, трэба праявіць мудрасць і дальнабачнасць.
Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка не здавалася бы камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне шырокамаштабнай амністыі, спыненне рэпрэсій, бо няма сэнсу ў амністыі, калі адной рукой людзей вызваляюць, а другой працягваюць саджаць.
Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!»
Сайт пра жыццёвы шлях Алеся Бяляцкага цяпер даступны ў перакладах на англійскую, французскую, нямецкую і польскую мовы, дзякуючы камандзе Voice of Belarus.
Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру ў 2022 годзе, знаходзячыся ў зняволенні. Праваабаронцу з калегамі абвінавачваюць у “кантрабандзе арганізаванай групай” у 2016 — 2020 гадах і “фінансаванні актыўных групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” падчас масавых акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.