20 еўрапейскіх краін атрымліваюць прыбытак ад катаванняў палітычных зняволеных у Беларусі
Брытанская некамерцыйная арганізацыя Earthsight правяла расследаванне, якое даводзіць, што на працягу многіх гадоў найбуйнейшыя ў Еўропе сеткі раздробнага гандлю мэбляй атрымліваюць прыбытак ад катаванняў палітычных зняволеных у Беларусі і высечкі першабытных лясоў.
Earthsight вядома пра 20 розных краін – членаў ЕС, якія працягваюць імпарт беларускай драўлянай мэблі. Найбольшыя аб’ёмы паставак ідуць у Польшчу, Літву, Германію і Францыю. Паводле справаздачы, выкарыстанне прымусовай працы зняволеных напрамую звязана з мэбляй, якая прадаецца амаль у кожнай мэблевай раздробнай гандлёвай сетцы Еўропы. Гэта не толькі IKEA, пра якую паведамлялася раней, але і французская BUT, група XXXLutz са штаб-кватэрай у Аўстрыі і нямецкая Polipol.
Беларускі Дэпартамент выканання пакаранняў прымяняе прымусовую працу зняволеных 27 буйных папраўчых калоній па ўсёй тэрыторыі краіны для вырабу разнастайных прыбытковых тавараў – ад вайсковай формы да макаронаў. Але самая буйная крыніца даходу для беларускага “турэмна-прамысловага комплексу” – драўніна.
Праца зняволеных выкарыстоўваецца на ўсіх этапах вытворчасці, у тым ліку падчас высечкі дрэў у дзяржаўных лясах. Каля васьмі адсоткаў беларускіх лясоў, у тым ліку дзялянкі з самай каштоўнай драўнінай, кантралюе непасрэдна “кіраўніцтва справамі”, па сутнасці, гэта – прыватная ўласнасць аўтакрата Аляксандра Лукашэнкі. Штогод у межах беларускай часткі Белавежскай пушчы (аб’ект сусветнай прыроднай спадчыны ЮНЕСКА) высякаюць больш за 1 мільён кубаметраў драўніны.
Дрэваапрацоўкай у калоніях займаюцца 8000 чалавек. Зняволеныя штогод высякаюць паўмільёна дрэў і масава вырабляюць офісную мэблю, вокны і дзверы. Толькі ў калоніі ў Бабруйску цэхі займаюць плошчу, якая перавышае пяць футбольных палёў. У гэтай калоніі раней утрымлівалі і праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які сёлета атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, зноў у статусе палітвязня.
Усе зняволеныя, з якімі пагутарылі ў рамках даследавання Earthsight, пацвярджаюць, што праца была прымусовай і ў нечалавечых умовах. Цэх у зімовы час не апальваўся, адмова працаваць лічылася парушэннем, за якое вам “адаб’юць ныркі і кінуць у карцэр на некалькі дзён”. Палітвязень, які выйшаў на волю ў снежні 2021 года, ахарактарызаваў працу палітвязняў змрочнай алюзяй на падзеі мінулага: “Як гаворыць прымаўка, Arbeit Macht Frei”.
Сведчанні пра катаванні палітычных зняволеных у беларускіх папраўчых калоніях – не сакрэт і не навіна для Еўропы. Паказанні пацярпелых апублікаваны на вэб-сайце ЕС на ўсіх 24 афіцыйных мовах. Аднак гэта не перашкодзіла еўрапейскім і амерыканскім арганізацыям аж да 2020 года выдаваць беларускім калоніям “зялёныя” сертыфікаты FSC – Лясной апякунскай рады, якая лічыцца ўвасабленнем “этычнага” спажывання.
Калі FSC азнаёмілі з вынікамі расследавання да публікацыі, Рада заявіла, што “прымусовая праца не з’яўляецца праблемай, уласцівай усім папраўчым калоніям” і што аўдыт FSC калоній пацвердзіў, што зняволеных не прымушалі працаваць і выплачвалі заработную плату, “хай нават невысокую”. Earthsight удакладняе гэтую суму ў справаздачы:
Фармальна, заработная плата выплачваецца, але пасля адлічэнняў за пражыванне і харчаванне застаецца смяхотная сума. Нам паказалі зарплатную ведамасць, дзе ў радку “заробак, цалкам” стаіць сума 15,18 беларускіх рублёў – шэьць даляраў ЗША – за цэлы год працы.
Пяць розных кампаній выдалі сертыфікаты FSC беларускім калоніям і/ці нацыянальным паркам, якія належаць УСП РБ, нягледзячы на іх рэпутацыю і санкцыі ЕС, накладзеныя на вышэйшае кіраўніцтва. Пры гэтым сертыфікат FSC адной з калоній быў зацверджаны праз 5 дзён пасля катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, якія патрапілі ў загалоўкі газет усяго свету.
Гандлёвыя санкцыі ЕС поўнасцю набылі моц 3 чэрвеня 2022 года і фармальна спынілі экспарт беларускай драўніны ў Еўропу. Аднак засталося адно выключэнне – экспарт мэблі. Толькі ў ліпені 2022 года еўрапейскія фірмы закупілі драўлянай мэблі і яе частак з Беларусі на суму 13,9 мільёна еўра.
Earthsight адзначае, што еўрапейскія спажыўцы цяпер не толькі наўпрост падтрымліваюць жорсткага дыктатара, але і фінансуюць расейскі тэрор ва Украіне.