Ігар Лосік здзейсніў другую спробу суіцыду ў зняволенні
Палітзняволены беларускі журналіст Ігар Лосік спрабаваў скончыць жыццё самагубствам у калоніі. Ён доўгі час трымаў галадоўку ў штрафным ізалятары Наваполацкай калоніі, а потым парэзаў сабе рукі і шыю. Ігар жывы і знаходзіцца ў медсанчастцы.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” спасылаецца на інфармацыю з розных крыніц. Паводле “Радыё Свабода”, адвакат Ігара Лосіка бачыў яго апошні раз у сярэдзіне лютага. 10 сакавіка абаронцу Лосіка не дазволілі з ім сустрэцца, заявіўшы, што Ігар загадзя не напісаў заяву на сустрэчу з адвакатам, а таксама, што зняволены працуе, а адцягваць зняволеных ад працы нельга, але з ім нібыта ўсё ў парадку.
Ігар Лосік знаходзіцца ў зняволенні ўжо 1000 дзён. Гэта другая ягоная спроба суіцыду ў зняволенні і трэцяя галадоўка. 15 снежня 2020 года, пасля другога абвінавачання, Лосік аб’явіў галадоўку і трымаў яе да 25 студзеня 2021 года. 11 сакавіка 2021 года Ігару выставілі новае абсурднае абвінавачанне, і ў знак пратэсту ён парэзаў запясце на вачах у адваката і следчага і абвясціў сухую галадоўку. За гэта яго змясцілі ў карцэр.
Блогера і медыякансультанта “Радыё Свабода” Ігара Лосіка затрымалі ў чэрвені 2020 года. У снежні 2021 года яму далі 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па “справе Ціханоўскага”. У канцы 2022 года затрымалі ягоную жонку Дар’ю Лосік. Яе “асудзілі” на два гады калоніі за інтэрв’ю пра мужа каналу “Белсат”. Чатырохгадовую дачку пары цяпер выхоўваюць бабулі і дзядулі.