Сяргею Ціханоўскаму дадалі паўтара гады пазбаўлення волі
Палітвязню Сяргею Ціханоўскаму вынеслі новы прысуд – 1,5 года ў дадатак да ўжо прызначаных 18 гадоў калоніі. Такое рашэнне вынес суд 27 лютага, абвінаваціўшы яго ў “злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”, паведамляе “Вясна”. Віну Ціханоўскі не прызнаў.
Новую крымінальную справу супраць Сяргея Ціханоўскага завялі сёлета ў студзені, нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі і правакацыю канфліктаў. Суд пачаўся 14 лютага і праходзіў у турме. Вядома, што Сяргея два месяцы бесперапынна ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары ў нечалавечых умовах.
“Ён не павінен сядзець не толькі гэтыя паўтара гады, ён не мусіць знаходзіцца ў турме ў прынцыпе. Праца суддзяў і пракурораў, якія выносілі гэтае рашэнне, заключаецца толькі ў выдумленні новых спосабаў рэпрэсій над беларусамі. Ніякага стаўлення да правасуддзя яна не мае”, – пракаментавала новы прысуд мужу Святлана Ціханоўская.
Сяргей Ціханоўскі адыграў ключавую ролю напярэдадні пратэстаў 2020 года ў Беларусі і стаў першым палітычным зняволеным з-за гэтых падзей. Сяргея Ціханоўскага арыштавалі ў траўні 2020 года, а ў снежні 2021 года прызналі вінаватым, сярод іншага, у арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варожасці і асудзілі на 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля месяца ў калоніі Ціханоўскага перавялі на турэмны рэжым.