“Да апошняга не верылася, што Кіеў пачнуць бамбіць…”
Тысячам беларусаў, якія вымушаныя ўцякаць ад рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі і знайшлі новы дом ва Украіне, праз вайну давялося стаць бежанцамі ў другі раз. Віталь – прадстаўнік грамадскага руху “Краіна для жыцця”. Ягоная актыўнасьць пачалася з перадвыбарчай кампаніі Сяргея Ціханоўскага.
– Я збіраў подпісы на Камароўскім рынку ў Менску. 9 жніўня 2020 быў на Стэле, 10 жніўня – на Пушкінскай, дзе мяне зачапіла гумавая куля. Бачыў смерць Тарайкоўскага. Пасля жніўня мы арганізоўвалі дваровыя зум-званкі са Святланай Ціханоўскай, спачатку ў Мінску, а потым па розных гарадах. Выпускалі пратэстную газету “Рэальныя навіны”. Арганізоўвалі лекцыі па самакіраванні. Распаўсюджвалі налепкі, мерч, улёткі. Дапамагалі палітвязням.
Увосень 2020 года мяне затрымалі на Жаночым маршы. Праўда, тады міліцыя не паспела зразумець, хто я, і да ночы адпусцілі. Раней я працаваў у судовай сістэме, таму ведаў, што хутчэй за ўсё мне выпішуць штраф. Так і адбылося, але я яго не аплачваў, хоць фонды прапаноўвалі мне дапамогу.
Віталь распавядае, што знаёмыя папярэдзілі яго пра ўзбуджэнні крымінальнай справы:
– Часу на зборы было менш за содні. Праз лес праехаў у Расію, затым адносна лёгка прайшоў расійска-ўкраінскую мяжу, бо злавіў часавы прамежак, калі мяне пачалі шукаць у Беларусі, але яшчэ не зрабілі невыязным. Праз тыдзень пасля таго, як я з’ехаў, памерла маці. Але я ўжо не мог вярнуцца, каб яе пахаваць…
Мне заўсёды было камфортна ва Украіне, таму вырашыў застацца, ды і візы не было, каб далей ехаць. У 2014 я ўжо жыў у Кіеве больш за паўгода. Ва Украіне не адчуваў ні маральнага, ні моўнага бар’ера. Лёгка легалізаваўся і пачаў дапамагаць іншым: зарэгістравалі фонд і афармлялі актыўных беларусаў валанцёрамі, што было падставай для атрымання пасведчання на права жыхарства.
Віталь згадвае, што жыў у Кіеве ўжо паўгода, калі пачалася вайна.
– З восені 2021 года ва Украіне ва ўсіх гарадах праходзілі вайсковыя трэнінгі, арганізаваныя Азовам. Я бачыў, што шмат хто рыхтуецца да пачатку вайны. Мы збіраліся ў бары з хлопцамі, якія пасля арганізавалі полк Каліноўскага. Нам чыталі лекцыю, што рабіць, калі пачнецца вайна: якія патрэбны лекі, якія прадукты купіць у першую чаргу. Але тады ніхто не думаў, што ўсё будзе адбывацца ў такіх маштабах. Да апошняга не верылася, што Кіеў пачнуць бамбіць, хоць за 2-3 дні да пачатку вайны мы грунтоўна закупіліся ўсім неабходным і дамовіліся сабрацца ў нас на кватэры ў выпадку чаго.
Ранкам 24 лютага мяне разбудзіла суседка: “Усё, бамбяць!” Я ўжо і сам чуў: мы жылі ў раёне метро Мінская, якраз на выездзе да Ірпеня і Бучы. Грукала моцна. Да нас прыехалі яшчэ пару чалавек з розных раёнаў. Адзін знаёмы з Вышгараду распавёў, што разбамбілі вайсковую частку побач з яго домам. Схадзілі ў аптэку. Па дарозе я ўбачыў, як падлеткі капалі акопы. Тады я зразумеў, што Кіеў ніколі не здадуць.
З’яжджаць спачатку мы не планавалі. Больш за ўсё палохалі паведамленні, што Кіеў акружаны. Мы не ведалі рэальнай сытуацыі. Чулі толькі, што недзе нешта выбухае. Прарвалася дыверсійная група, якую расстралялі каля нашага дома. Гукі стрэлаў вакол – гэта даволі непрыемнае адчуванне, калі мякка выражацца.
На другі ці трэці дзень з Telegram-каналаў мы даведаліся, што ў Кіеве раздаюць зброю. Два разы, пакуль мы дабягалі да патрэбных пунктаў, яна ўжо сканчалася. На трэці раз мы былі ў чарзе аднымі з першых, але на нас выклікалі паліцыю праз беларускія пашпарты. Пасля размовы адпусцілі, але зброю так і не выдалі.
Праз тыдзень і наша кампанія вырашыла паспрабаваць з’ехаць. Машыны мы не мелі, але цягнікі хадзілі. Метро не працавала, таму мы пайшлі на вакзал пешшу. Па дарозе натрапілі на перастрэлку: схавацца не было дзе, давялося проста бегчы далей.
Віталь разумеў, што немагчыма знайсці кватэру ў буйных гарадах Заходняй Украіны: паток уцекачоў быў занадта вялікі.
– Калі пад’язджалі да Хмяльніцкага, убачылі станцыю Жмерынка, і я прапанаваў выйсці. Даведаліся, што ў горадзе ёсць пункт прыёму ўцекачоў і пайшлі туды. Праз 10 хвілінаў па нас прыехалі супрацоўнікі СБУ. Усіх пасадзілі па асобных пакоях, пачалі дапытваць. Пасля таго, як даведаліся, хто мы, нават папрасілі прабачэння. На наступны дзень мы пайшлі ў мясцовую адміністрацыю, сказалі, што хочам дапамагаць. У выніку плялі маскіровачныя сеткі, рабілі кактэйлі Молатава, дапамагалі тэраабароне.
З мясцовымі ў нас былі добрыя стасункі. Адзінае, Лукашэнку да вайны яны лічылі нармальным чуваком і абсалютна не ведалі пра сітуацыю, якая ў нас адбывалася: ні пра масавасць пратэсту, ні пра катаванні ў турмах. Калі я расказваў, што ў нас садзяць за адзенне пэўнага колеру, людзі не маглі паверыць.
Да сярэдзіны красавіка Віталь жыў у Жмерынцы. Калі зразумеў, што толку ва Ўкраіне ад яго ўжо няма, вырашыў выехаць у Польшчу.
– Палякі адвялі на размову, праверылі тэлефон: паглядзелі фота, запісы. Але асаблівых праблем не было: ранкам я ўжо быў у Варшаве. Прабыўшы тыдзень у Польшчы, захацеў вярнуцца ва Украіну. Купіў білет, але мяне знялі з аўтобуса. Я вырашыў, што гэта знак лёсу і трэба пакуль заставацца ў Варшаве.
Віталь прызнаецца, што не адчувае сябе камфортна ў Польшчы.
– Мая адаптацыя тут праходзіла цяжка: іншая мова і ўладкаванне грамадства, польскі побыт своеасаблівы. Няўтульна сябе адчуваю тут: вывучэннем польскага так і не заняўся, не хачу жыць у Польшчы заўсёды, хоць знайшоў добрую працу паліграфолагам ва ўкраінскай кампаніі.
Віталь дакладна ўсведамляе, што яго планы на будучыню залежаць ад развіцця сітуацыі.
– Пры першай магчымасці хачу вярнуцца ў Беларусь. І буду рабіць усё, каб паскорыць гэты працэс. Вельмі спадзяюся на 2023 год. У другой яго палове планую вярнуцца хаця б у Кіеў.
Я ўпэўнены, што ў вайне пераможа Ўкраіна. Пытанне, наколькі гэта зацягнецца і якім коштам будзе дасягнута. А без падтрымкі Расіі, думаю, Лукашэнка доўга не працягне: ні ў эканамічным, ні ў ваенным плане.