Святлану Ціханоўскую пачалі “судзіць” завочна ў Беларусі
17 студзеня пачаўся завочны “суд” над Святланай Ціханоўскай і іншымі фігурантамі “справы Каардынацыйнай рады”: Марыяй Мароз, Паўлам Латушкам, Вольгай Кавальковай і Сяргеем Дылеўскім. Іх абвінавачваюць адразу па 12 артыкулах – ад удзелу ў масавых беспарадках да здрады дзяржаве.
Ніхто з абвінавачаных у “суд” не зьявіўся. Усе яны знаходзяцца не ў Беларусі. Святлана Ціханоўская, абраная ў 2020 годзе прэзідэнтка Беларусі, пракаментавала гэты “фарс” і “парушэнне правоў”, прадстаўляючы краіну на эканамічным форуме ў Давосе:
“Пра працэс у мяне і маёй каманды атрымалася высветліць няшмат. Пра суд я даведалася са СМІ, а не з афіцыйнага апавяшчэння. Мне адмовілі ў праве ўдзельнічаць у паседжанні, а таксама атрымаць копіі абвінавачання і пратаколаў. Прызначаны адвакат, нягледзячы на мае спробы з ім зьвязацца, на сувязь так і ня выйшаў. Я ведаю, што сваімі дзеяннямі вы спрабуеце запалохаць і дыскрэдытаваць мяне. Але вы толькі даяце прамыя доказы сваіх злачынстваў супраць народа Беларусі.
Тры гады таму я не думала, што некалі мяне будуць пераследваць у завочным судзе. Але я і не думала, што мне выпадзе гонар упершыню за 30 гадоў прадстаўляць нашу краіну і будучыню яе эканомікі на найважнейшым эканамічным форуме ў Давосе”.
Завочныя “суды” пачалі праводзіць у Беларусі ў канцы мінулага года. Так, 26 снежня завочна асудзілі на 12 гадоў пазбаўлення волі трохразовую медалістку Алімпійскіх гульняў Аляксандру Герасіменю і спартыўнага функцыянера Аляксандра Апейкіна. “Завочна вы мяне можаце нават расстраляць!” – адрэагавала на прысуд спартсменка. Па адной справе з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім і праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам завочна “судзяць” іх калегу Змітра Салаўёва, які быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны пераслед.
У ліпені 2022 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб зменах у Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія дазваляюць “судзіць” беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, завочна і нават прысуджаць ім растрэл. 13 снежня “дэпутаты” Палаты прадстаўнікоў прынялі ў двух чытаннях папраўкі ў закон “Аб грамадзянстве”. Калі яго прыме Савет Рэспублікі і падпіша Лукашэнка, то па выніках завочных “судоў” па “экстрэмісцкіх” артыкулах рэжым зможа пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой.
Тым часам, палітвязню Сяргею Ціханоўскаму, які ўжо адбывае 18-гадовае зняволенне, 16 студзеня прад’явілі новае абвінавачванне ў “здзяйсненні злачынства супраць правасуддзя”. Яго абвінавачваюць у тым, што знаходзячыся на турэмным рэжыме, нібыта парушаў парадак адбыцьця пакараньня, не рэагаваў на законныя патрабаваньні супрацоўнікаў адміністрацыі, грубіў ім, правакаваў сукамэрнікаў на канфлікты. Яму пагражае новы тэрмін да двух гадоў пазбаўлення волі.