“Рэйкаваму партызану”, якому прастрэлілі калені пры затрыманні, далі 13 гадоў калоніі
Беларус Віталь Мельнік, прызнаны палітвязнем, атрымаў 13 гадоў калоніі асаблівага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і штраф 300 базавых велічынь (каля $3800).
Віталя Мельніка абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы святлафора на беларускай чыгунцы ў ноч з 24 на 25 сакавіка 2022 года, у выніку чаго адбылася затрымка 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. 40-гадовага мужчыну абвінавацілі па артыкулах аб тэрарызме, незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, наўмысным пашкоджанні сродкаў сігналізацыі і іншага транспартнага абсталявання і публічнай абразе Лукашэнкі.
Вядома, што мужчына пражываў у вёсцы Хадакова Мінскага раёна, у яго ёсць маленькае дзіця. Пры затрыманні 30 сакавіка яму прастрэлілі каленныя суставы, цяпер ён перамяшчаецца на мыліцах. Сям’я лічыць, што Віталь не мае дачынення да артыкулаў, якія яму інкрымінуюць, і звязвае затрыманне з помстай мясцовага суддзі, а таксама з тым, што раней у Віталя была судзімасць.
Падпал рэлейных шафаў сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі – найбольш распаўсюджаны фармат “рэйкавай вайны”, якая разгарнулася ў Беларусі з пачатку ўварвання расійскай арміі ва Украіну, каб запаволіць і перашкодзіць руху расійскай ваеннай тэхнікі з Беларусі ва Украіну. У пошуках “рэйкавых партызанаў” КДБ ладзіць сапраўдныя рэйды ў гарадах, дзе адбываліся дыверсіі, і затрымліваюць супрацоўнікаў чыгункі.