Марыя Калеснікава больш за месяц знаходзіцца ў шпіталі
Паводле інфармацыі “Вясны”, атрыманай ад іншых зняволеных, Марыю дагэтуль не перавялі ў атрад са шпіталя гомельскай калоніі: “На гэты час Калеснікава ляжыць у лякарні, стан яе не вельмі добры, яна зусім схуднела”.
Нагадаем, што 28 лістапада палітзняволеная трапіла ў рэанімацыю з прабадной язвай і перытанітам. Ёй зрабілі аперацыю і перавялі ў санітарную частку. Бацьку Аляксандру Калеснікаву дазволілі наведаць дачку толькі 5 снежня. 10-хвіліннае спатканне праходзіла пад наглядам лекара і супрацоўнікаў калоніі. Вядома, што прынамсі ў пачатку шпіталізацыі Марыю ахоўвалі трое чалавек, адзін з іх з аўтаматам. Адваката Калеснікавай да яе не дапускалі, а на пачатку снежня пазбавілі ліцэнзіі.
Да таго, як Марыя Калеснікава апынулася ў рэанімацыі, каля дзесяці дзён яе трымалі ў штрафным ізалятары на той прыдуманай падставе, што яна нібыта парушыла рэжым зняволення. Там было вельмі холадна, таму палітзняволеная амаль не спала. Некалькі разоў яна губляла прытомнасць, мела падвышаны ціск і млоснасць.
У жніўні 2020 года Марыя Калеснікава была каардынатаркай штаба апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, а пасля яго арышту далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай. У верасні 2020 года яе выкралі сілавікі і спрабавалі вывезці з краіны, але на мяжы з Украінай яна парвала свой пашпарт, і яе арыштавалі. У верасні 2021 года яе прызналі вінаватай у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады і прысудзілі да 11 гадоў зняволення.