Святлана Алексіевіч: “Мы маем справу з рускім фашызмам, а Беларусь акупаваная”
Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч распавяла каналу FreeДом пра вайну, пра сваю новую кнігу і пра размовы з пуціністамі і лукашыстамі. Публікуем абраныя цытаты з інтэрв’ю.
Пра культуру вайны
Мы — людзі вайны. Гэта ўся наша культура. Кажуць пра вялікую рускую культуру, але галоўнае ў гэтай “вялікай рускай культуры” — гэта культура вайны. Я памятаю сваё пакаленне, нават пакаленне маёй унучкі, якой цяпер 17 гадоў… Іх вучаць забіваць і паміраць. Іншага няма. Гэта галоўны наш досвед.
Пра жорсткасць
Цяпер, калі пачалася вайна, больш за ўсё мяне ўразіла, вядома, гэтая зусім неспасцігальная жорсткасць. Спачатку з гэтай жорсткасцю я сутыкнулася, калі стала пісаць кнігу пра нашу беларускую рэвалюцыю. З першых дзён знайшліся людзі, якія сваіх жа суграмадзян, сваіх жа аднакласнікаў, аднакурснікаў лавілі і рабілі з іх кавалак мяса. Калі мне паказвалі фатаграфіі людзей, якіх прывозіла хуткая дапамога, вы ведаеце, я зразумела, што тысячы, мільёны кніг нічога не зрабілі з чалавекам.
Пра культуру гвалту
Уся наша культура, яна не заснавана на любові. І мы ж бачым гэта. Гвалт — гэта не толькі ваенная аперацыя. Гэта і хатні гвалт, і дваровы гвалт. Вельмі шмат адменаў гвалту, і я думаю, мы выраслі ў гэтай культуры. Напэўна, бацькі нават не да канца гэта ўсвядомілі.
Пра ўдзел Беларусі ў вайне
Сорамна, вельмі сорамна. Але я разумею, што наша Беларусь акупаваная. Гэта не тая асобная краіна, яе няма, гэта частка Расіі. І хто там прэзідэнт? Не Лукашэнка. Прэзідэнт — Пуцін.
І калі рэвалюцыя была так жорстка і зневажальна разагнаная, то народ, вядома, схаваўся ў хатах. І частка народа наогул змоўкла або далучылася да Лукашэнкі. І таму мы нічога не можам зрабіць. Што я магла б зрабіць, калі б я была там? Я была б як наш лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, я была б таксама на Акрэсціна. З-за маіх гадоў і хвароб мяне хапіла б зусім ненадоўга. А гэта таксама па-дурному зусім. Калі я напішу кнігу, я зраблю больш. І гэтак кожны.
Пра размовы з лукашыстамі і пуціністамі
Калі я пісала кнігі, я знаходзіла сілы нават размаўляць з ахоўнікамі лагераў. Ведаеце, я пісьменніца. А што такое пісьменнік? Гэта чалавек, які сумленна мысліць. Мяне гняце тое, што я не знайшла адказаў. Я шукаю гэтыя адказы. Гэта мая прафесія. Гэта маё жыццё, мая праца.
Калі я ўмяшаюся ў размову і пачну навязваць свой погляд, суразмоўца можа і прыхавацца, можа неяк часова перайначыцца, можа, яму будзе сорамна перада мной ці нешта іншае. Таму я заўсёды даю чалавеку волю, волю, каб ён сказаў, хто ён такі, каб ён крычаў сваю праўду.
Пра Украіну
Я схіляюся перад украінскімі салдатамі. Я бачыла кадры, як вязуць рэфрыжэратары з загінулымі героямі, і ўсе людзі выбягаюць і на каленях стаяць уздоўж дарогі. Мне бабуля расказвала, што ёсць такі звычай.
Я думаю, што, хоць маё дзяцінства і юнацтва звязаныя з Украінай, я не знала ўкраінцаў, я не ведала, што гэта за народ. Адзін украінец казаў мне: “Ну чаму вы баіцеся? Вось мы ідзём і паміраем. А чаму ў вас хто раз’ехаўся, хто схаваўся? Чаму вы не ідзяце і не паміраеце?” Я не ведала, што яму адказаць.
Пра рускі фашызм
Мы маем справу з рускім фашызмам. І калі паглядзець на трыццатыя гады, пачытаць, што гаварыў Гітлер пра Польшчу, пра Чэхаславакію, усё вельмі падобна, усё жудасна падобна, і мы ведаем, як гэта заразліва, як гэта можа ахапіць увесь свет.
Трэба не баяцца шчыра сказаць, што мы сутыкнуліся з фашызмам. І пытанне: чаму ён зноў вяртаецца да нас? Чаму чалавек не можа яму супрацьстаяць? Вось гэтыя пытанні, на якія я спрабую адказаць у сваёй кнізе.
Пра новую кнігу
Мне часта кажуць: Света, патрэбная кніга. Я павінна напісаць гэтую кнігу. Але гэтая кніга павінна быць не толькі пра нашы пакуты. Гэтая кніга павінна быць глыбейшая — пра чалавечую прыроду, пра недасканаласць чалавека, пра тое, што, можа, мы неяк апынуліся занадта маленькія для слова “воля”, занадта негатовыя для слова “воля”, бо мы ніколі не былі вольныя, у нас няма гэтага досведу жыцця. У нас толькі адзін досвед — страляць адно ў аднаго.