“Вясна” ўзнагароджана прэміяй “Цюльпан правоў чалавека”
8 снежня ў Гаазе прайшло уручэнне прэміі “Цюльпан правоў чалавека 2022”, заснаванай урадам Нідэрландаў. Лаўрэатам прэміі стаў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
У тройку прэтэндэнтаў на прэмію разам з беларускай праваабарончай арганізацыяй “Вясна” уваходзілі таксама “Тайскія адвакаты за правы чалавека” і праваабаронца з Камбоджы Ленг Оуч.
Падчас уручэння прэміі прадстаўнікі арганізацыі у адзначылі:
Нягледзячы на ліквідацыю, нягледзячы на пагрозу крымінальнай адказнасці, нягледзячы на шматлікія перашкоды, арышты і пакаранні, «Вясна» працягвала працаваць, працягвала сведчыць, дакументаваць і выкрываць усе без выключэння парушэнні з боку ўладаў. Мы працягваем гэтую працу і сёння, хоць некаторыя з нас знаходзяцца ў зняволеннні, а многія ў выгнанні.
Прычына гэтага ў тым, што мы сапраўды верым, што тое, што мы робім, фундаментальна правільна. Мы верым, што гэтая цяжкая праца рана ці позна прынясе плён, як для нас, так і для ўсёй дэмакратычнай Беларусі.
“Цюльпан правоў чалавека” – штогадовая прэмія ўраду Нідэрландаў, якой ўганароўваюцца праваабаронцы за іх працу па прасоўванні і абароне правоў чалавека ва ўсім свеце, а таксама асвятленне сумежных праблем. Прэмія ўручаецца штогод, пачынаючы з 2008 года.