Еўрапарламент: Беларусь павінна быць прызнаная акупаванай тэрыторыяй
24 лістапада Еўрапарламент прагаласаваў за рэзалюцыю, якая асуджае рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, а таксама актыўнае ўцягванне Беларусі ў расейскую ўзброеную агрэсію супраць Украіны.
Рэзалюцыя падтрымлівае меркаванне беларускай дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці аб тым, што Беларусь павінна быць прызнаная акупаванай або дэ-факта акупаванай тэрыторыяй, і далучаецца да іх закліку да неадкладнага вываду расейскіх войскаў з Беларусі і Украіны. Еўрапарламент зазначае, што Лукашэнка і яго саўдзельнікі павінны несці адказнасць за ваенныя злачынствы ва Украіне перад міжнародным трыбуналам. Рэзалюцыя заклікае краіны Еўрасаюза і Еўрапейскую камісію накласці на Беларусь тыя ж санкцыі, якія яны наклалі на Расею ў сувязі з вайной ва Украіне, і дапрацаваць прававы рэжым, які дазваляе канфіскоўваць актывы Лукашэнкі і ўсіх, хто мае дачыненне да рэпрэсій, каб накіраваць гэтыя рэсурсы на падтрымку ахвяр гэтых рэпрэсій. Акрамя таго, рэзалюцыя заклікае Раду ўвесці санкцыі ў дачыненні да кампаній, якія працуюць у Беларусі, якія выкарыстоўваюць прымусовую працу зняволеных у сваіх ланцужках паставак.
Еўрадэпутаты вітаюць фармаванне Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай. Гэта першае задакументаванае міжнароднае прызнанне Кабінета на такім узроўні. Акрамя таго, дэпутаты Еўрапарламента заклікалі дзяржавы ЕС падрыхтаваць працэдуры для разгляду спраў беларусаў, якія могуць быць пазбаўлены беларускага грамадзянства рэжымам Лукашэнкі, а таксама аказваць падтрымку тым беларусам – жыхарам ЕС, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяння дакументаў пры адсутнасці магчымасці для яго прадаўжэння, паколькі яны не могуць вярнуцца ў Беларусь. Еўрапарламент адзначае, што сістэматычныя рэпрэсіі беларускага рэжыму супраць грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў накіраваныя на тое, каб прымусіць замаўчаць усе незалежныя галасы, якія засталіся ў Беларусі. Рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму прымяняе катаванні, а палітвязні ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах.