Памёр міністр замежных спраў Макей: якім яго запомняць
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей раптоўна памёр 26 лістапада. Верагоднай прычынай смерці называюць інфаркт.
Макею было 64 гады, на здароўе ён не скардзіўся і ў апошнія дні жыцця актыўна працаваў. Яшчэ на пачатку тыдня, 23 лістапада, Макей лётаў у Ерэван на саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. А за дзень да смерці сустракаўся з нунцыем Папы Рымскага Антэ Ёзічам. Брытанская газета The Daily Mirror паведамляе, што на гэтай сустрэчы яны абмяркоўвалі “сакрэтны мірны план па спыненні вайны ва Украіне”. Выданне адзначае, што Макей быў “адзіным каналам сувязі афіцыйнага Мінска з Захадам”. За гэта яго не любілі ў Крамлі, хаця ўвогуле міністру ўдавалася наладжваць сувязі і на Усходзе, і на Захадзе.
Польская Rzeczpospolita гаворыць пра Макея як пра аднаго з нямногіх кампетэнтных людзей у атачэнні Лукашэнкі. У артыкуле ўспамінаецца аб тым, што Макей у свой час набыў рэпутацыю чыноўніка, які мог змяніць Лукашэнку на пасадзе прэзідэнта краіны ў выніку транзіту ўлады па “казахстанскім узоры”. Пра тое, што Крэмль рыхтаваўся замяніць Лукашэнку, за дзень да смерці Макея пісалі амерыканскія аналітыкі з Інстытута Роберта Лансінга (Robert Lansing Institute, RLI). У той час, як замежныя палітыкі і журналісты абмяркоўваюць, каму магла быць выгадная смерць Макея, у медыях, якія кантралююцца Лукашэнкам, навіна аб смерці міністра не стала загалоўнай, а апынулася “на адным узроўні з туманам, мокрым снегам і галалёдзіцай”.
Макей быў адной з галоўных фігур рэжыму Лукашэнкі і адной з самых набліжаных да яго асоб. Доўгі час прапрацаваўшы памочнікам і кіраўніком адміністрацыі дыктатара, Макей быў прызначаны міністрам замежных спраў у 2012 годзе. З ягоным прыходам на гэтую пасаду дачыненні Беларусі з Захадам пачалі паляпшацца, а ўнутры Беларусі казалі пра “мяккую лібералізацыю”. Макей быў адным з нямногіх службоўцаў, якія не хавалі сваёй сям’і, насіў вышыванку і часамі размаўляў па-беларуску. Пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе шмат хто чакаў, што ён пяройдзе на бок пратэстоўцаў, але Макей застаўся адданым рэжыму, абвясціў, што “праблемы палітвязняў у Беларусі не існуе”, і пагражаў знішчыць беларускую грамадзянскую супольнасць у адказ на ўзмацненне санкцый. “У 2020 годзе Макей здрадзіў беларускаму народ і падтрымаў тыранію. Такім яго і запомніць беларускі народ”, – напісала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.