Марыя Калеснікава ў рэанімацыі
Палітзняволеную Марыю Калеснікаву прывезлі ў шпіталь з хірургічнай паталогіяй і прааперавалі 28 лістапада, паведамляе штаб Віктара Бабарыка. Цяпер яна ў стабільна цяжкім стане з паляпшэннем. Марыя апынулася ў шпіталі пасля штрафнога ізалятара.
Падрабязнасці пра паталогію і аперацыю не паведамляюцца. Пра шпіталізацыю Марыі стала вядома 29 лістапада. Раней у гэты ж дзень яе адваката трэці раз запар не дапусцілі да падабароннай, патлумачыўшы гэта нібыта адсутнасцю заявы ад яе. У скаргах на адмову ў допуску да Марыі ў пракуратуру адвакат адзначаў, што непакоіцца за стан яе здароўя. Ніякай рэакцыі на скаргі і звароты ад праваахоўных органаў не было.
Як мы паведамлялі раней, Марыя Калеснікава знаходзілася ў штрафным ізалятары паводле надуманых абвінавачанняў у парушэнні рэжыму зняволення. Навіна пра шпіталізацыб падітзняволенай выклікала шырокі рэзананс у заходніх медыях.
У жніўні 2020 года Марыя Калеснікава была каардынатаркай штаба апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыка, а пасля яго арышту далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай. У верасні 2020 года яе выкралі сілавікі і спрабавалі вывезці з краіны, але на мяжы з Украінай яна парвала свой пашпарт, пасля чаго яе арыштавалі. У верасні 2021 года яе прызналі вінаватай у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады і асудзілі на 11 гадоў зняволення.