36-гадовы Аляксандр з Мінску, па гараскопе – Цялец. Партрэт беларускага “экстрэміста”
Беларуская міліцыя аб’явіла “экстрэмістамі” ўжо больш за 1880 чалавек. Навуковец Сяргей Бесараб прааналізаваў дадзеныя гэтых людзей і склаў зборны партрэт нелаяльнага да рэжыму беларуса.
Сяргей Бесараб, беларускі навуковец і аўтар тэлеграм-канала LAB-66, правёў Big Data-аналіз спісу людзей, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці” размешчаны на сайце Міністэрства ўнутраных спраў. Ён выкарыстоўваў дадзеныя па стане на 4 лістапада, калі ў спісе было 1714 чалавек (цяпер іх ужо 1881). Мужчын у спісе – 80%, жанчын – 20%. Самаму маладому хлопцу-“экстрэмісту” 17 гадоў, а самая старэйшая – жанчына 82 гадоў. Самае папулярныя мужчынскія імёны ў спісе – Аляксандр, Сяргей і Андрэй; жаночыя – Таццяна, Наталля, Вольга і Алена.
Такім чынам, “тыповы беларускі экстрэміст” – гэта мужчына ва ўзросце каля 36 гадоў па імені Аляксандр. Што тычыцца геаграфічнага размеркавання “экстрэмізму” па Беларусі, 28,7% людзей, якія трапілі ў спіс, – з Мінску, за ім ідуць абласныя цэнтры – Гомель (6,7%), Брэст (6,6%) і Гродна (5, 9%). Зрэшты, прапарцыйна размеркаванне па рэгіёнах раўнамернае, таксама няма значнай розніцы і паміж усходам і захадам краіны. Аўтар адзначае, што па спісе “можна вывучаць геаграфію Беларусі”.
Больш за ўсё людзей у спісе асуджаныя па абвінавачваннях у “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, “абразе прадстаўніка ўлады” і “дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь”. Пры гэтым людзі могуць быць асуджаныя адразу па некалькіх абвінавачаннях.
Даследчык таксама вырашыў “разбавіць сухую статыстыку” і вызначыў найбольш “пратэстныя” знакі гараскопа – Цяльцы, Ракі ды Львы; і самыя “неактыўныя” знакі гараскопу – Скарпіён, Блізняты і Рыбы. Найчасцей трапляюць у спіс народжаныя ў гады Зайца і Каня, а найрадзей – Пацука, Пеўня, Сабакі і Малпы, паводле ўсходняга календара.