“Гэта проста карная псіхіятрыя”. Прымусовае лячэнне палітвязняў у Беларусі
За тры дні да вызвалення палітвязня Юрыя Кавалёва асудзілі паўторна за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі” і прызначылі яму прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
Першы тэрмін – год калоніі – Юры адсядзеў за тое, што на медыцынскай кіроўчай камісіі назваў Лукашэнку “дэбілам”, адказваючы псіхіятарцы, якая абражала Ціханаўскую. Па новым абвінавачанні яму пагражаў яшчэ год зняволення, але замест гэтага яго прызналі няўцямным і адправілі ў псіхіятрычную бальніцу. Знаёмы Кавалёва распавёў “Радыё Свабода”, у якіх умовах утрымліваецца цяпер палітвязень:
“Яму там надзвычай цяжка. Ён кажа, што нашмат лягчэй было на зоне, і нават у ШЫЗА ці ў карцары. (…) Да ўсяго яшчэ яму колюць страшныя, як па мне, лекі. Я пачытаў — за галаву схапіўся. Баюся за ягоны стан пасьля тых лекаў.
На паўгода яго заперлі ў псыхіятрычны шпіталь. Пасьля шасьці месяцаў кансыліюм будзе вырашаць — выздаравеў ён ці не. (…) Тэрмін прымусовага лекаваньня могуць працягнуць на столькі, на колькі яны пажадаюць. Гэта проста карная псыхіятрыя”.
Юры Кавалёў удзельнічаў у агітацыі за кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. За некалькі дзён да выбараў ён быў затрыманы міліцыяй і асуджаны на 15 сутак арышту. Пасля Кавалёва яшчэ некалькі разоў адпраўлялі за краты па адміністрацыйных справах за “несанкцыянаваныя пікетаванні”: то за вывешаны на доме бел-чырвона-белы сцяг, то за нашэнне “няправільнай” майкі.