“Прыставілі пісталет да галавы і сказалі, што ён ужо прыйшоў”
18-гадовага Іллю Верамеева асудзілі на 6,5 гадоў калоніі за антываенную пазіцыю. Гісторыю палітзняволенага распавяла “Вясне” яго сястра Яна.
24 лютага раніцай Ілля Верамееў з Гомелю, даведаўшыся пра пачатак шырокамаштабнай вайны ва Украіне, пісаў у Telegram сваёй сястры Яне, якая жыве ва ўкраінскім горадзе Мікалаеве: “Не падыходзь да вокнаў толькі!”. “У першыя дні літаральна ў 300 метрах ад майго дома падарваліся танкі. Праз пару дзён — побач крылатая ракета”, — успамінае Яна. Праз тры дні Іллю затрымалі пасля яго заклікаў у мясцовым чаце пачаць дзейнічаць супраць вайны. На месцы сустрэчы з аднадумцамі яго чакалі сілавікі. “Прыставілі пісталет да галавы і сказалі, каб не вырываўся і што ён ужо прыйшоў”, — распавядае Яна.
Праз паўгода Іллю прыгаварылі да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле сястры, цяпер ягоныя суседзі па камеры вельмі вераць прапагандзе рэжыму. Ілля піша: “Вось цяпер сяджу з пяццю ‘зомбі’. Звычайна хоць адзін заўсёды трапляўся мыслячы чалавек. Тут жа маса супярэчнасцяў, адсутнасць логікі, адмаўленне фактаў. (…) Вельмі страшна — згубленыя людзі цалкам. І такіх большасць”.
Сястра Іллі Яна жыве з сям’ёй ва Ўкраіне ўжо некалькі гадоў. Мінулы раз яна бачылася з братам год таму ў Гомелі. Ілля толькі сёлета скончыў школу. 1 жніўня яму споўнілася 19 гадоў, ужо ў СІЗА. Пасля школы ён вырашыў пайсці працаваць і займаўся вытворчасцю дэкаратыўнай пліткі. Ілля марыў пераехаць ва Украіну і востра ўспрыняў напад Расіі, у прыватнасці, абстрэл з першых хвілін вайны любімага горада Мікалаева, дзе жыла яго сястра.