Валянцін Стэфановіч з турмы: “Я адчуваў гэту пагрозу вайны скурай”
23 кастрычніка ў Парыжы адкрылася 41-я сесія Кангрэса Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). Першы шэраг на адкрыцці займалі партрэты палітвязняў праваабаронцаў з беларускага цэнтра “Вясна”. Віцэ-прэзідэнтам па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі з’яўляецца абраны на гэтую пасаду на міжнародным кангрэсе 2019 года Валянцін Стэфановіч — палітзняволены намеснік кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Кіраўнік аддзела Ўсходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Ілля Нузаў зачытаў зварот Валянціна, адпраўлены ім з турмы:
Роля праваабаронцаў у свеце цяпер асабліва важная, калі свет зноў стаіць перад пагрозай ядзернай катастрофы, упершыню пасля заканчэння халоднай вайны. Калісьці я казаў сваім калегам у Парыжы, што хутка пачнецца вайна, вайна ў нашым неспакойным і поўным супярэчнасцяў рэгіёне (былым СССР). Многія мне не верылі. Казалі, што цяпер гэта немагчыма. Я ж адчуваў гэтую пагрозу вайны скурай. Цяпер мы павінны зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць гэтую катастрофу.
Праваабарончая салідарнасць — магутная сіла, і я веру, што хутка змагу далучыцца да вас, каб разам крочыць па гэтым нялёгкім шляху, да сусветнай гармоніі, любові і міру.
На адкрыцці прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і намеснік мэра Парыжа згадалі Праваабарончы цэнтр “Вясна” і яго заснавальніка Алеся Бяляцкага, які нядаўна стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, разам з расійскім праваабарончым цэнтрам “Мемарыял” і ўкраінскім “Цэнтрам грамадзянскіх свабод”.