Зяленскі надзеў кашулю з вышыўкай беларускай мастачкі
Напярэдадні найважнейшых дзяржаўных свят Украіны Ўладзімір Зяленскі запісаў чарговы штодзённы зварот да свайго народа, надзеўшы “выжыванку” – вышываную кашулю колеру хакі з творам беларускай мастачкі Руфіны Базловай.
Для самой Руфіны гэта стала прыемным сюрпрызам. «У нядзелю позна ўвечары я ўжо зьбіралася спаць, а тут сябар зь Беларусі прысылае мне паведамленьне: «Паглядзі, на Зяленскім твая вышыўка». Для мяне гэта быў шок! Гэта вельмі прыемна. І вялікі гонар, што прэзыдэнт Украіны ў такі складаны час носіць маю «выжыванку»: я ж ня проста «вышыванкі» раблю, а менавіта «выжыванкі», — распавяла мастачка ў інтэрв’ю «Радыё Свабода».
«Выжыванкамі» Руфіна назвала гісторыю беларускіх пратэстаў з 2020 года, якую яна распавядае з дапамогай традыцыйнай беларускай вышыўкі крыжыкам чырвоным па белым. З пачаткам вайны ва Ўкраіне з’явіліся і выжыванкі на украінскую тэматыку. У траўні мастачка пачала супрацоўнічаць з украінскім брэндам мужчынскага адзення @indposhiv_oficial. Большая частка грошай з продажу іх кашуль з вышыўкай у бела-чырвоных колерах і ў колеры хакі ідзе на падтрымку Ўзброеных сіл Украіны. Адну з такіх кашуль цяпер носіць і прэзідэнт Украіны.
Яшчэ адзін істотны праект, які Руфіна Базлова робіць разам з Соф’яй Такар – “Framed in Belarus”. Гэта серыя прысвечаных беларускім палітзняволеным карцін, да вышывання якіх можа далучыцца кожны ахвотны, падаўшы заяўку. Руфіна кажа, што пакуль цалкам гатова 110 вышывак, у працэсе — 382. А колькасць палітзняволеных у Беларусі тым часам перасягнула 1300.