Ужо 129 прысудаў па самай масавай палітычнай справе ў Беларусі
13 верасня 2020 года ў Бярэсці, адным з найбуйнейшых гарадоў Беларусі, прайшоў Марш герояў у знак пратэсту супраць сфальсіфікаваных выбараў. Падчас гэтай акцыі больш за тысячу чалавек слухалі музыку, спявалі песні, танцавалі, смяяліся, вадзілі карагод – усё выглядала як фестываль. Праз некаторы час прыехалі сілавікі і пачалі агрэсіўна разганяць прысутных, паліваючы іх з вадамёта. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне «вадамётным», а ўзбуджаная пазней крымінальная справа атрымала назву «карагоднай». Суды працягваюцца ўжо другі год. Людзей судзяць групамі, абвінавачваючы ў грубым парушэнні грамадскага парадку.
Праваабаронцы называюць гэтую справу адным з самых масавых палітычна матываваных працэсаў у гісторыі Беларусі. Ужо цяпер па «карагоднай справе» вынесена 129 прысудаў. Агулам асуджаныя па справе атрымалі 125 гадоў «хатняй хіміі», больш за 90 гадоў «хіміі», і каля 14 гадоў калоніі. Некаторыя з прыгавораных ужо адбылі тэрмін і выйшлі на волю. Некаторыя асуджаныя здолелі ўцячы за мяжу.
Апошні працэс адбыўся 17 траўня 2022 года. Гэта быў самы хуткі суд над берасцейскімі пратэстоўцамі, які не працягнуўся і гадзіны. Андрэя Уласава і Юлію Сувалку прыгаварылі да 3 гадоў «хатняй хіміі».
Таксама стала вядома, што двое фігурантаў у нашумелым працэсе Аўтуховіча, у якім 12 чалавек абвінавачваюцца ў падпалах і падрыхтоўцы тэрактаў, таксама праходзяць па «карагоднай» справе. Гэта прадпрымальніца Ірына Мельхер і яе сын Антон.
Адну з раней асуджаных, палітзняволеную Юлію Лаптановіч, будуць судзіць зноў. Паводле следства, яна за грашовую ўзнагароду распавяла, хто датычны да крымінальнага пераследу яе сям’і. Акрамя таго, на яе картку прыходзілі грошы, якія яна потым перадавала пацярпелым ад рэпрэсій. Ёй пагражае да 7 гадоў калоніі. Яе муж Ігар знаходзіцца ў астрозе ўжо больш за год. На волі на іх чакаюць трое дзяцей.