Беларус камандуе інтэрнацыянальным батальёнам ва Украіне
Ігар Янкаў запісаўся ў добраахвотнікі ўжо 24 лютага, у першы дзень вайны. Цяпер 26-гадовы беларус (пазыўны « Янкі ») – камандзір інтэрнацыянальнага батальёна Узброеных сіл Украіны. У перапынках паміж баявымі заданнямі і заняткамі ён прымудраецца весці старонкі ў сацыяльных сетках, дзе паказвае салдацкія будні на вайне.
Янкаў з’ехаў з Беларусі ў верасні 2020-га, калі на яго пачалі паляваць сілавікі. Ён пераехаў у Кіеў, уладкаваўся там на працу, пачаў актыўна займацца джыу-джытсу. «Размовы пра вайну пачаліся недзе праз паўгода пасля таго, як я пераехаў ва Украіну. У той момант я пачаў задумвацца, што варта рабіць, калі пачнуцца баявыя дзеянні, — успамінае ён. — У Кіеве ў мяне ўжо былі сябры, праца, жыллё. Я адчуваў — гэта мой дом, а значыць, я не магу яго кінуць і не абараняць ад ворага».
Праз знаёмых Янкі трапіў у добраахвотніцкі батальён Узброеных сіл Украіны, сфармаваны як з украінцаў, так і беларусаў ды грамадзян іншых краін. Ён хутка адолеў вайсковую справу і абыходжанне з кулямётам, хоць ніколі не служыў у войску. Янкі падкрэслівае, што, як камбат, ён не раздае загады і не выпраўляе людзей на заданні: «Хлопцы выконваюць мае каманды ўжо непасрэдна ў баі. Ды і то мы ўсё тут на роўных. Рашэнні прымаем разам».
Добраахвотнік кажа, што ідэя весці відэаблог з’явілася ў яго выпадкова: спачатку ён здымаў жыццё на вайне для сябе, «каб, калі выжыву, была памятка». Потым ён выклаў некалькі відэа ў TikTok, якія выклікалі вялікую цікавасць. Пасля цяжкага бою ў сяле Лук’янаўка ў яго ўзяў інтэрв’ю ўкраінскі блогер — «і так усё закруцілася».