У Беларусі арыштаваны два рэдактары Вікіпедыі
У Брэсце асудзілі рэдактара Вікіпедыі, 30-гадовага Паўла Пернікава, па абвінавачанні ў дыскрэдытацыі Беларусі шляхам дадавання паправак у артыкулы на Вікіпедыі аб датычнасці сілавікоў Беларусі да забойства ў кастрычніку 2004 года журналісткі Веранікі Чаркасавай і аб гібелі земляка Паўла, Генадзя Шутава. Акрамя таго, паводле абвінавачання, Пернікаў дыскрэдытаваў улады Беларусі на сайце Міжнароднай службы правоў чалавека (ISHR). Год таму там з’явіўся артыкул, які пачынаўся словамі: «У цэнтры Еўропы людзей катуюць, забіваюць». У матэрыяле сцвярджалася, што ў беларускіх астрогах адбываюцца катаванні і забойствы праз віну кіраўніцтва. Гэта пацвярджае справаздача ААН, апублікаваная 17 сакавіка 2022 года. Абвінавачаны на судзе віну не прызнаў. Суддзя прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі у калоніі агульнага рэжыму.
У асяроддзі вікіпедыстаў кажуць, што акаўнтам Пернікава завалодалі староннія: напрыканцы снежня ад яго імя хтосьці выдаляў з Вікіпедыі згадкі аб рэпрэсіях супраць журналістаў, санкцыях у дачыненні да Лукашэнкі і аб беларускіх палітвязнях.
Яшчэ аднаго аўтара Вікіпедыі, 56-гадовага Марка Бернштэйна, затрымалі ў сакавіку 2022 года ў Менску. Марк Бернштэйн, вядомы пад нікам Pessimist2006, — актыўны рэдактар Вікіпедыі. З 2008 года ён унёс у розныя артыкулы больш за 200 тысяч паправак. Ён уваходзіць у топ-50 найлепшых аўтараў рускамоўнага сегмента. Пасля таго як у адным з праўладных расейскіх Telegram-каналаў з’явілася інфармацыя, што дзеянні Бернштэйна трапляюць пад новы расейскі закон «пра фэйкі», супраць яго распачалі крымінальную справу. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Пасля гэтых затрыманняў да аўтараў Вікіпедыі з Расіі і Беларусі звярнуліся з заклікам рабіць узмоцненыя захады засцярогі. Ім было рэкамендавана рэдагаваць артыкулы пра вайну, якую Расея развязала супраць Украіны, толькі з выкарыстаннем адмыслова створаных уліковых запісаў.