INeedHelpUA: беларус дапамагае дастарчаць харчаванне ва Украіну
Дабрачынны праект дапамогі беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій, за самы кароткі час ператварыўся ў праект дапамогі ўкраінцам, якія пацярпелі ад вайны.
У 2020 годзе Філіп Гаўрышаў разам з сябрамі стварыў праект прадуктовай дапамогі INeedHelpBY. Гаўрышаў родам з Гомеля, але апошнія 11 гадоў ён жыве ў ЗША. Галоўная мэта праекта палягала ў тым, каб адрасна дапамагаць харчовымі прадуктамі сем’ям беларускіх палітвязняў і іншых беларусаў, якія спазналі рэпрэсіі. Пасля атрымання заяўкі на сайце ініцыятывы арганізатары злыгвалі людзей, якія патрабуюць дапамогі, з памочнікамі з ЗША і іншых краін, а тыя дыстанцыйна куплялі неабходныя прадукты ў анлайн-гіпермаркетах. Рэалізаваць гэта было нескладана, бо ў Беларусі працуе інтэрнет-дастаўка.
Калі пачалася вайна, аўтары перарабілі праект пад патрэбы Украіны і назвалі яго INeedHelpUA. Паколькі дастава ва Украіну значна больш складаная, валанцёры пачалі збіраць данаты, на якія закупляюць харчовыя прадукты ў Польшчы ці Славакіі. У Польшчы харчы захоўваюцца на складзе пры адным варшаўскім бары, уладальнікі якога родам з Харкава. Яны ж забяспечваюць дастаўку прадуктаў у самыя пацярпелыя гарады Украіны.
Харчовыя тавары, якія закупляюцца ў Славакіі, адпраўляюць у Ужгарад. Гэты горад прыняў шмат бежанцаў з усходняй Украіны і прадстаўнікі гарадской Рады асабіста папрасілі аднаго з арганізатараў праекту дапамагчы запоўніць прадуктамі пустыя склады.