Уладзімір Зяленскі звярнуўся да беларусаў: «Будзьце Беларуссю, а не Расеяй!»
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў новы відэазварот. На гэты раз ён звярнуўся да грамадзян Беларусі. Паводле яго слоў, мінулая ноч ва Украіне была жорсткай, зноў былі абстрэлы, бамбаванне жылых кварталаў і грамадзянскай інфраструктуры.
«На сёння няма ніводнага аб’екта ў краіне, які акупанты не лічылі б для сябе дапушчальнай мішэнню. Яны ваююць супраць усіх, супраць усяго жывога: дзіцячых садкоў, жылых дамоў і нават супраць машын хуткай дапамогі. Яны прымяняюць рэактыўную артылерыю, ракеты супраць цэлых гарадскіх раёнаў, у якіх няма і ніколі не было ніякай ваеннай інфраструктуры. …Гарады Украіны выжываюць у такіх умовах, якія апошні раз былі на нашай і на вашай зямлі падчас Другой сусветнай вайны. Але ў вайне, якая ідзе зараз, вы з намі не на адным баку», – сказаў Зяленскі.
У сваім звароце Зяленскі параўнаў цяперашні напад Расеі на Украіну з падзеямі пачатку гітлераўскага ўварвання ў СССР у 1941 годзе. Тады таксама бамбаванне Кіева пачалося а 4-й гадзіне раніцы. Але гэтым разам бомбы ляцелі на сталіцу Украіны з Беларусі. «Вы спалі, браты беларусы! – ушчуваў Зяленскі. – А мы з тае пары ўжо не кладземся. Мы змагаемся за сваю краіну, змагаемся за сваю свабоду».
Украінскі прэзідэнт нагадаў, што сёння, 27 лютага, у Беларусі праходзіць «рэферэндум», і заклікаў беларусаў прачнуцца. «Усё гэта – таксама дэ-факта рэферэндум для вас. Вы вырашаеце, хто вы, вы вырашаеце, кім вы хочаце быць і як вы будзеце глядзець у вочы сваім дзецям, як вы будзеце глядзець у вочы адзін аднаму, сваім суседзям. А мы – вашыя суседзі. Будзьце Беларуссю, а не Расеяй, – дадаў прэзідэнт. – Зрабіце правільны выбар. Я ўпэўнены, гэта – галоўны выбар вашага вялікага народа!»
Зяленскі падкрэсліў, што мірныя перамовы ў Мінску – а менавіта гэтую пляцоўку прапанавала Масква, у адпаведнасці са сваёй схільнасцю да гістарычнага сімвалізму, – немагчымыя, паколькі Беларусь больш не з’яўляецца нейтральнай краінай, мірнай краінай-суседкай.
Нагадаем, што нелегітымны кіраўнік Беларусі запрасіў на тэрыторыю краіны расейскія акупацыйныя войскі, стварыўшы такім чынам магчымасць масіраванага ўдару па Кіеве.