«Рэйкавая вайна» і «рэйкавыя партызаны» ў Беларусі
Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», ад пачатку вайны ва Украіне ў Беларусі па падазрэнні ў дыверсіі на чыгунцы было затрымана восем чалавек. Чыгуначнікі паведамілі, што праз дыверсіі («рэйкавая вайна») па Беларусі перасталі пераганяць цягнікі з расійскай ваеннай тэхнікай і боепрыпасамі. Затрыманым пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
6 сакавіка ў Віцебску быў затрыманы супрацоўнік беларускай чыгункі Сяргей Канавалаў. Паводле звестак МУС, ён планаваў пашкодзіць сістэмы бяспекі чыгуначнага руху. Паводле інфармацыі супольніцтва чыгуначнікаў, незадоўга да затрымання ў мужчыны быў канфлікт з ідэолагам і былым начальнікам транспартнай міліцыі Глячковым В. А. Пасля гэтага канфлікту Глячкоў паведаміў у ГУБАЗіК і КДБ аб нібыта запланаванай Канавалавым дыверсіі, пасля чаго таго затрымалі без якіх-небудзь рэальных падстаў. Супраць Канавалава распачата крымінальная справа аб падрыхтоўцы акта тэрарызму.
У Светлагорску падпалілі шафу сігнальнай устаноўкі на чыгунцы. Паводле МУС, гэта здзейснілі трое жыхароў Светлагорска. На іх заведзена крымінальная справа за ўчыненне акта тэрарызму.
Пасля 2 сакавіка ў Светлагорску пачаліся ператрусы ў сувязі з падпалам рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання на перагоне Астанковічы-Жэрдзь. Гэтая чыгуначная лінія вядзе да места Оўручы ў Жытомірскай вобласці Украіны. Па падазрэнні ў гэтай справе былі затрыманыя сужэнцы Дзмітрый і Наталля Равіч, брат Наталлі Дзяніс Дзікун і яго дзяўчына Аліса Маланава. У праўладных тэлеграм-каналах з’явілася «пакаяннае» відэа з Дзянісам, на якім ён выглядае моцна збітым.
2 сакавіка ў Асіповічах быў затрыманы 43-гадовы мясцовы жыхар Аляксей Шышкавец. Паводле звестак МУС, мужчына далучыўся да «экстрэмісцкага фармавання» BYPOL і аўтарызаваўся ў чат-боте, каб выконваць інструкцыі па падрыхтоўцы дыверсій на чыгунцы. Супраць Аляксея распачата крымінальная справа за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні з мэтай здзяйснення злачынстваў.
Паводле МУС, у ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах былі затрыманы двое мясцовых жыхароў. Праваабарончай арганізацыі «Вясна» стала вядома, што гэта сужэнцы Сяргей і Кацярына Глебка. На «пакаянным» відэа мужчына прызнаецца, што паклаў два палены на чыгунку і падпаліў іх. На відэа Сяргей выглядае збітым.
У Жодзіне 2 сакавіка быў затрыманы «рэйкавы партызан», але падрабязнасці яго справы пакуль невядомыя.