У Беларусі прайшоў першы раунд перамоваў паміж Украінай і Расіяй
На беларуска-ўкраінскай мяжы завяршыліся перамовы паміж Украінай і Расіяй. Дэлегацыі вяртаюцца ў сталіцы сваіх краін для кансультацый, у бліжэйшы час магчымы другі раунд перамоваў.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк адзначыў, што перамовы былі цяжкімі, але гэтым разам без ультыматумаў. «Расійская і ўкраінская дэлегацыі сёння вызначылі шэраг прыярытэтных тэм, па якіх намецілі пэўныя рашэнні», – сказаў Падаляк журналістам. Пазней ён напісаў у Твітары, што расейскі бок, «на жаль, усё яшчэ вельмі неаб’ектыўна глядзіць на запушчаныя ім разбуральныя працэсы».
Паводле кіраўніка расійскай дэлегацыі Уладзіміра Мядзінскага, наступная сустрэча ўкраінскай і расійскай дэлегацый адбудзецца таксама на тэрыторыі Беларусі ў найбліжэйшыя дні. Абодва бакі вярнуліся ў сталіцы для кансультацый.
Перамовы адбыліся на пяты дзень расейскіх абстрэлаў і бамбардзіровак украінскай тэрыторыі ў розных частках на ўсходзе, на поўначы і на поўдні краіны. У панядзелак украінскія ўлады заявілі аб масіраваных артылерыйскіх і ракетных ударах па Харкаве і Чарнігаве, дзе, па іх звестках, ёсць дзясяткі загінулых і мноства параненых.