Расійскія войскі застануцца ў Беларусі на нявызначаны тэрмін
Паводле звестак Мінабароны Беларусі, расійскія войскі, накіраваныя ў Беларусь для правядзення маштабных вучэнняў, не будуць выведзеныя, насуперак папярэднім сцвярджэнням. У міністэрстве не сказалі, як доўга войскі, колькасць якіх НАТА ацэньвае ў каля 30 тысяч чалавек, збіраюцца застацца ў Беларусі. Рашэнне было прынятае нібыта праз узмацненне ваеннай актыўнасці каля межаў Расіі і Беларусі і «эскалацыі сітуацыі» ў Данбасе. На мінулым тыдні з’явілася інфармацыя, што прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон атрымаў запэўніванні ад Пуціна, што расійскія войскі будуць выведзеныя пасля вучэнняў.
Працяг нарошчвання сіл павялічыў напружанасць паміж Масквой і Захадам праз пагрозу нападу Расіі на Украіну. Лідэры беларускай апазіцыі рашуча асудзілі гэты крок. Святлана Ціханоўская сказала, што прысутнасць расійскіх або якіх-небудзь замежных войскаў у Беларусі «парушае беларускую Канстытуцыю, канстытуцыйны нейтралітэт, міжнароднае права, ставіць пад пагрозу бяспеку кожнага беларуса і ўсяго рэгіёна». Яна заявіла, што апазіцыя будзе дамагацца вынясення гэтага пытання на разгляд Рады бяспекі ААН.