Чаму Беларусь дазволіла рускім атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі?
Журналіст Зміцер Гурневіч апублікаваў узважаны адказ тым, хто агулам абвінавачвае беларускі народ у саўдзеле ў пуцінскім нападзе на Украіну. Выкладаем яго аргументы ў скарочаным выглядзе.
У Беларусі няма легітымнай улады як мінімум з лістапада 2020 года. Беларуссю кіруе прамаскоўскі марыянетачны рэжым, які ўжо нічога не вырашае. Абсалютная большасць беларусаў не падтрымлівае гэты марыянетачны рэжым. Гэта паказалі і пратэсты ў 2020 годзе, найбуйнейшыя ў Еўропе за апошнія дзесяцігоддзі. Беларусаў білі, катавалі, забівалі. Больш за тысячу вязняў застаецца у турмах, каля 50 тысяч чалавек прайшлі праз рэпрэсіі.
Пратэст пацярпеў паразу, бо Пуцін падтрымаў Лукашэнку і стаў яго адзіным гарантам. Пасля гэтага ў краіне пачаўся тэрор, які нагадвае 1930-я гады. У турму можна трапіць за лайк, каментар, за неасцярожнае слова. Сілавікі хапаюць людзей за любое іншадумства, забаранілі нават арганізацыі арнітолагаў і таварыствы аховы жывёл, адыліж нехта з сяброў гэтых арганізацый не падтрымлівае рэжым. Кожны дзень у Беларусі арыштоўваюць людзей, здзекуюцца з іх. У такой атмасферы арганізацыя супраціву займае шмат часу. Але гэтая праца трывае.
Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй. Калі ўлада нелегітымная, то не было каму дазваляць расейцам праход праз Беларусь. Пуцін захапіў Беларусь. Але ён не перашкаджае Лукашэнку называць сябе прэзыдэнтам незалежнай Беларусі.
Беларусы ня толькі перажываюць за Украіну і моляцца за яе. Беларусы збіраюць грошы для ўцекачоў, для украінскай арміі, беларусы змагаюцца ў шэрагах украінскай арміі. Беларус загінуў адным з першых на Майдане, беларусы гінулі за Украіну на вайне. Беларусы, у якіх ёсць галава і сумленне, разумеюць, што без свабоднай Украіны ня будзе і нас.