ІКАО падрыхтавала справаздачу пра інцыдэнт з самалётам Ryanair у Беларусі
Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) прадставіла справаздачу пра экстраную пасадку самалёта Ryanair краінам – чальцам арганізацыі. 23 траўня 2021 года самалёт кампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, быў прымусова пасаджаны ў аэрапорце Мінск-2, пасля таго як экіпаж атрымаў паведамленне з аэрапорта пра бомбу на борце. Цягам расследавання прадстаўнікі ІКАО наведалі Літву, Польшчу і Беларусь, а таксама вывучылі дакументы, прадстаўленыя іншымі зацікаўленымі краінамі, у тым ліку Грэцыяй, Ірландыяй і Украінай.
Журналісты «Новай газеты» змаглі азнаёміцца з тэкстам справаздачы, якая займае 30 старонак і ўтрымлівае сярод іншага схему палёта пасажырскага самалёта і знішчальніка ВПС Беларусі, які яго суправаджаў. На падставе наяўных дадзеных аўтары справаздачы прыходзяць да высновы, што паведамленне пра мініраванне самалёта можна лічыць хлуслівым.
Застаецца без адказу пытанне пра датычнасць беларускіх уладаў да інсцэніроўкі «тэрарыстычнай пагрозы». Характэрна, што пры складанні справаздачы не былі прынятыя пад увагу паказанні дыспетчара, які вёў перамовы з экіпажам лайнера Ryanair. Дыспетчар Алег Галегаў здолеў выехаць з Беларусі і распавёў польскім праваахоўным органам пра тое, што цягам аперацыі з пасадкай самалёта побач з ім знаходзіўся прадстаўнік беларускага КДБ і поўнасцю кантраляваў яго перамовы з экіпажам.
Журналіст Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Сафія Сапега, якія знаходзіліся на борце, былі затрыманыя і дагэтуль знаходзяцца пад хатнім арыштам. Абое прызнаныя палітычнымі вязнямі. У адказ на інцыдэнт Еўрасаюз забараніў пралёт у паветранай прасторы ЕС для беларускіх авіяперавозчыкаў і ўвёў больш жорсткія санкцыі.
31 студзеня прадстаўнікі Рады ІКАО правядуць абмеркаванне на падставе высноў, зробленых у справаздачы. Святлана Ціханоўская выказала арганізацыі падзяку і падкрэсліла, што справаздача «не назвала вінаватых, а стала толькі адпраўным пунктам у расследаванні злачынства».