Як беларусы супрацьстаялі рэжыму ў 2021 годзе

Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, беларусы працягвалі змагацца з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі ў 2021 годзе. Дваровыя маршы, флэшмобы, пратэставыя графіці і ўлёткі, знішчэнне камер сачэння, блакаванне чыгункі і маштабныя кібератакі – акцыі супраціву не спыняліся ні на дзень. Белсат падрыхтаваў агляд супраціву за год, які мы выкладаем у скарочаным выглядзе.

Дваровыя маршы

У пачатку 2021 года беларусы працягвалі актыўна ладзіць нядзельныя дваравыя маршы і ланцугі салідарнасці ў розных раёнах Менску. Акрамя традыцыйных маршаў па нядзелях праводзіліся і тэматычныя акцыі – напрыклад, супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. Улады адказалі на лакальныя пратэсты ўзмацненнем рэпрэсіяў. Пачаліся рэгулярныя аблавы, рызыкі для ўдзельнікаў дваравых акцыяў значна выраслі, і адначасова знікла надзея на хуткае аднаўленне масавых пратэстаў.

Спробы апазіцыі арганізаваць цэнтралізаваную акцыю на Дзень Волі скончыліся няўдачай: сілавікі сцягнулі вялікія сілы ў Мінск,прэвентыўна затрымалі больш за 200 чалавек і не дазволілі людзям сабрацца разам. (Аднак беларуская дыяспара правяла ў гэты дзень масавыя акцыі салідарнасці [заўв. Voice of Belarus].)

Усё гэта прывяло да істотнага зніжэння актыўнасці дваравых суполак і ўзмацнення захадаў канспірацыі. У другой палове года дваравыя маршы сталі рэдкай з’явай. Звычайна пра акцыі станавілася вядома постфактум, аднак некалькі разоў у сілавікоў атрымлівалася правесці затрыманні пратэстоўцаў падчас акцыяў.

Цалкам задушыць дваровыя суполкі пратэсту ў спецслужбаў так і не атрымалася. У канцы снежня было абвешчана пра аб’днанне шэрагу суполак у Кааліцыю пратэставых двароў – платформу, праз якую плануецца ажыццяўляць каардынацыю пратэставых дзеянняў на нізавым узроўні.

Акцыі салідарнасці і флэшмобы

Павышэнне ўзроўню канспірацыі пратэстоўцаў і зніжэнне колькасці актыўных удзельнікаў акцыяў стварылі новы трэнд: акцыі салідарнасці ў фармаце фота з пратэставымі плакатамі і бел-чырвона-белымі сцягамі, дзе аблічча ўдзельнікаў не відаць. Такія пратэставыя фота з’яўляюцца ў сеціве амаль штодзень.

Але не спыняліся акцыі і ў больш традыцыйных фарматах. Напрыклад, увесь год беларускія дзяўчаты ладзілі шпацыры з бел-чырвона-белымі парасонамі – гэты прыгожы флэш-моб стаў адным з сімвалаў пратэстаў. Апошні раз шпацыр з парасонамі адбыўся ў лістападзе (Паводле абноўленай інфармацыі – 31 снежня [заўв. Voice of Belarus].)

Неабыякавыя беларусы выходзілі таксама на адзіночныя пікеты. Часцей за ўсё яны пры гэтым хавалі твары, але знаходзіліся і такія бясстрашныя людзі, якія ва ўмовах дзяржаўнага тэрору пратэставалі абсалютна адкрыта. Напрыклад, 13 траўня Адам Бяляцкі, сын праваабаронцы Алеся Бяляцкага, выйшаў да метро «Каменная горка» з плакатам у падтрымку палітзняволеных журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Неаднаразова выходзіла на адзіночныя пікеты з бел-чырвона-белым сцягам Ніна Багінская.

Улёткі, графіці, сцягі

Беларусы выказвалі свой пратэст у самых розных формах. Цягам года прыхільнікі пераменаў неаднаразова вывешвалі бел-чырвона-белыя сцягі на будынках. Людзі пакідалі пратэставыя надпісы на будынках і платах, друкавалі і распаўсюджвалі ўлёткі і налепкі, размалёўвалі ў колеры нацыянальнай сімволікі прыпынкі і нават цюкі з сенам. За гэтыя бяскрыўдныя праявы іншадумства беларусаў каралі надзвычай жорстка – іх пераследавалі ў крымінальным парадку, прысуджалі да «хіміі» або калоніі.

Кібератакі

Сёлета кіберпартызаны правялі самую маштабную ў гісторыі Беларусі хакерскую атаку – аперацыю «Жара». У межах гэтай аперацыі былі ўзламаныя інфармацыйная сістэмаДАІ-цэнтр, база звестак службы 102, базы звестак Упраўлення ўласнай бяспекі і Галоўнага ўпраўлення кадраў МУС. Была паралізаваная праца соцень камераў хуткасці і сачэння па ўсёй Беларусі, адбыўся збой у базах звестак МУС. У рукі хакераў трапілі тэлефонныя перамовы прадстаўнікоў улады. Цяпер «Кіберпартызаны» рэгулярна выкладаюць у сеціва матэрыялы, што кампраметуюць сілавікоў, публікуюць у адкрытым доступе службовую і сакрэтную інфармацыю.

Партызанскія дыверсіі

Ва ўмовах, калі абсалютна любая праява іншадумства жорстка караецца – аж да крымінальнага пераследу, усё часцей пачало праяўляцца расчараванне некаторых беларусаў у эфектыўнасці выключна мірных пратэстаў.

Ананімная суполка «Буслы ляцяць» сёлета перыядычна брала на сябе адказнасць за акцыі супраціву ў фармаце дробных дыверсіяў. Напрыклад, партызаны заяўлялі пра знішчэнне дзясяткаў камераў відэаназірання, пашкоджанне транспарту і маёмасці сілавікоў, падпалы аб’ектаў інфраструктуры і блакаванне чыгункі. Прадстаўнікі суполкі падкрэсліваюць, што дзейнічаюць выключна ў рэчышчы негвалтоўнага супраціву – то бок яны арганізоўваць свае акцыі так, каб пазбегчы ахвяраў.

Пакуль ад партызанскіх акцыяў прыхільнікаў пераменаў не пацярпеў ніводны чалавек. Тыя ж выпадкі, калі спецслужбы заяўлялі пра перадухіленне тэрактаў ці замахаў і вінавацілі ў гэтых дзеяннях апазіцыю, маюць відавочныя прыкметы правакацыяў.

 

Back to top button