Беларускі аўтакрат названы самым карумпаваным чалавекам 2021 года
Праект інфармавання пра арганізаваную злачыннасць і карупцыю (OCCRP) назваў Аляксандра Лукашэнку чалавекам 2021 года за шырокамаштабнае прасоўванне арганізаванай злачыннай дзейнасці і карупцыі.
«Калегія з шасці журналістаў і навукоўцаў, якія вывучаюць і паведамляюць пра карупцыю, без ваганняў абрала постсавецкага аўтакрата, нягледзячы на рэкордную колькасць намінантаў — 1167. Упершыню за дзесяцігадовую гісторыю ўручэння сусветных прэмій «Чалавек года» рашэнне было аднагалосным», — паведамляе партал OCCRP.
Паводле звестак OCCRP, за апошні год Лукашэнка скіраваў плыні дзяржаўных сродкаў у бок блізкіх да яго сям’і алігархаў, загадаў перахапіць пасажырскі самалёт Ryanair з беларускім апазіцыянерам на борце, выкарыстоўваючы злачынныя і карупцыйныя сеткі беларускага рэжыму садзейнічаў стварэнню міграцыйнага крызісу і распаўсюджванню дэзінфармацыі пра каранавірус.