Зварот да ААН наконт парушэння правоў затрыманых па справе Зельцэра
28 верасня 2021 года ў Мінску адбылася перастрэлка паміж супрацоўнікамі КДБ і Андрэем Зельцэрам, у кватэру да якога з ужываннем спецсродкаў уварваліся сілавікі. Гібель Зэльцэра і аднаго з супрацоўнікаў КДБ выклікала вялізны рэзананс у карыстальнікаў сацыяльных сетак. Пасля прэс-служба КДБ паведаміла, што за каментары ў сацсетках пад публікацыямі пра загінулых было затрымана каля 200 чалавек.
Паводле інфармацыі ад родных, для затрыманых ні ў ІЧУ, ні ў следчай турме № 8 не прымалі перадачы на працягу больш як шасці тыдняў. Акрамя таго, іх абмяжоўваюць у перапісцы, атрыманні пасылак і ў некаторых выпадках – у сустрэчах з адвакатамі. Прычынай такіх абмежаванняў супрацоўнікі турмы ў Жодзіне называюць каранцін праз каранавірус. Пры гэтым жорсткія абмежаванні тычыліся толькі затрыманых па «справе Зельцэра», а ўмовы іх утрымання наўмысна пагаршаліся. Паўтара месяца зняволеныя сядзелі ў тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.
4 лістапада праваабаронцы «Вясны» накіравалі зварот да спецдакладчыкаў ААН Анаіс Марэн, Нільса Мельцэра, і Ірэн Хан, а таксама ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне з затрыманымі. «Характар дзеянняў абвінавачаных быў следствам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, недаверу да праваахоўнай сістэмы дзяржавы, выкліканага адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяр жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян», – падкрэсліваюць праваабаронцы.