У ААН прынялі беспрэцэдэнтнае рашэнне па Беларусі
21 кастрычніка 2021 года ў Жэневе краіны-ўдзельніцы Орхускай канвенцыі Еўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН прынялі рашэнне па Беларусі, якое прызнала ліквідацыю экалагічнай арганізацыі «Экадом» выпадкам пераследу і прыгнёту НДА.
Рашэнне не толькі прызнае ліквідацыю арганізацыі парушэннем Канвенцыі, але і прадугледжвае прыпыненне для Беларусі правоў і прывілеяў па Канвенцыі, калі краіна не зробіць захады для аднаўлення рэгістрацыі «Экадома» да 1 снежня 2021 года. Таксама рэжым абавязалі сфармаваць да 1 ліпеня 2022 года план дзеянняў па інфармаванні насельніцтва Літвы пра працу БелАЭС. Прыпыненне набудзе моц з 1 лютага 2022 года.
Гэта першы выпадак у гісторыі Канвенцыі, калі ўсе спробы дасягнуць кансэнсусу былі вычарпаныя і бакі вымушаныя былі звярнуцца да прыняцця рашэння галасаваннем. 34 з 39 краін падтрымалі гэтае рашэнне і заклікалі Беларусь адмяніць ліквідацыю «Экадом».
Калі ўмовы прынятага рашэння не будуць выкананыя, рэжым Лукашэнкі будзе выключаны са спісу атрымальнікаў міжнароднай дапамогі для фінансавання праектаў у галіне экалогіі.
«Экадом» – арганізацыя, якая актыўна выступала супраць будаўніцтва БелАЭС і змагалася супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце. «Экадом» быў ліквідаваны судом 31 жніўня 2021 года падчас масавай зачысткі НДА разам з больш чым 200 некамерцыйнымі арганізацыямі. Гэта першы выпадак у гісторыі Канвенцыі, калі аднаго з камунікантаў з Камітэтам ліквідавалі.